"Ва Узбекістане рок-музыку ўвогуле забаранілі, дык вам ёсць куды рухацца!"

7-га красавіка ў сталічным Палацы Рэспублікі выступіла легендарная "Машина времени". Музыкі прыехалі ў Мінск з праграмай, складзенай да 40-годовага юбілею калектыву, які адзначаўся 2 гады таму.

У адрозненні ад некаторых расійскіх калег Макарэвіч і кампанія не трапілі ў “чорныя спісы”, але сваё стаўленне да іх выказалі.



Андрэй Макарэвіч: "На самой справе, каб гэта ўсё адчуць, напэўна, трэба тут жыць. Бо атрымліваеш нейкія ўрыўкавыя звесткі пра тое, што тут адбываецца, калісьці яны праўдзівыя, калісьці не. Я думаю, што ў першую чаргу гэта ваша справа, менавіта журналістаў, старацца рабіць так, каб падобныя рэчы не адбываліся".



Аляксандр Куцікаў: "А калі азірацца на 80-я гады, то падобныя спісы прынеслі толькі дадатковую папулярнасць і вядомасць у будучым тым калектывам, якія ў гэтыя спісы трапілі".



Яўгеній Маргуліс: "Хачу яшчэ дадаць, што вам яшчэ пашанцавала, бо ва Ўзбекістане рок-музыку забаранілі ўвогуле. Так што ў вас вялікія перспектывы і ёсць куды рухацца".

Працягваючы размову пра савецкія часы музыкі паспяшаліся абвергнуць меркаванне, што беларускае тэлебачанне вывела "Машина времени" на ўсесаюзны ўзровень і паўплывала на прызнанне гурта кіраўніцтвам кампартыі.



Андрэй Макарэвіч: "Я вас умаляю! Першы кліп на самой справе здымала грузінскае тэлебачанне. Потым, калі мы паехалі на гастролі, так, тут былі першыя здымкі, гэта была песня "Три окна". Але яе і паказалі па мясцовым канале, і я моцна сумняваюся, што палітбюро ў поўным складзе глядзела беларускае тэлебачанне".



Аляксандр Куцікаў: "Я вам хачу сказаць, што палітбюро так і не палюбіла нашу музыка да прыхода Гарбачова".



Дарэчы, 30 сакавіка "Машина времени" прысутнічала на святкаванні 80-годдзя Міхаіла Гарбачова, якое праходзіла ў лонданскім Каралеўскім Альберт-холе пры ўдзеле сусветнавядомых палітыкаў ды дзеячаў культуры. Андрэй Макарэвіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве.



Андрэй Макарэвіч: "Было ўсё вельмі дастойна, была добрая атмасфера. Па-першае, фантастычная зала! Вельмі добра працавалі англійскія тэхнікі, дзякуючы чаму ўсё вельмі ўтульна гучала, уключна з аркестрам з 72-х чалавек. Былі геніяльныя вядучыя: Шэран Стоўн і Кэвін Спэйсі, якія адразу, ад першых словаў задалі вельмі правільную лёгкую атмасферу з гумарам. Вельмі шкада, што падчас трансляцыі наш перакладчык не здолеў і траціны гэтага гумару перакласці. Ну, і быў дастойны склад артыстаў".



А вось на дзень нараджэння свайго сябра, вядомага беларускага мастака Уладзіміра Цэслера Андрэй Макарэвіч гэтым разам не прыедзе. Але музыка паабяцаў, што абавязкова павіншуе сябра крыху пазней.



Андрэй Макарэвіч: "Я заўсёды прыязджаю, але гэтым разам, на жаль, у мяне канцэрт у Маскве, таму я не здолею прыехаць. Я ўжо папрасіў у яго прабачэння, і ён прабачэнне прыняў. Дзень нараджэння – рэч важная, але ўсё роўна дастаткова фармальная. Мы з ім адзначым яго дзень нараджэння асобна, у іншы дзень".



А пакуль музыка атрымаў ад Уладзіміра Цэслера ў падарунак майку, падобную да марацкай, з надпісам Мінскае мора, у якой, дарэчы, і быў адыграны канцэрт.

Скончылі размову музыкі "Машины времени" абяцаннем, што іх лепшы канцэрт у жыцці яшчэ не адыграны, пасля чаго пайшлі рыхтавацца да выступу. Але і гэты выступ гурта нажаль не стаў лепшым, і справа не ў выкананні, ці недахопу шоў, а ў банальнай якасці гуку. Да таго ж сцэна Палаца Рэспублікі была аформленая такім чынам, што музыкі падаваліся мурашамі на полі. Ну а гук... падаецца, што праблемы з гучаннем жывых музыкаў у нашай краіне проста невырашальныя, хто б не прыязджаў.

Няхай не было разабраць ніводнага праспяванага слова, але ці былі такія, хто іх не ведаюць на памяць!? Гледзячы па тварах людзей на выхадзе з Палацу, канцэрт пакінуў выключна лепшыя ўражанні.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі