У Мінску запускаецца рок-караоке

19-га лістапада ў клубе "Графіці" адбудзецца незвычайная караоке-вечарына, дзе наведвальнікам прапануюць выбіраць рэпертуар выключна з рок-хітоў.

“Ідэя, у прынцыпе, не новая, у Еўропе рок-караоке даволі папулярная з'ява, - расказвае пра ўзнікненне ідэі адзін з арганізатараў. - Нашы караоке-бары таксама прапануюць пэўную колькасць рок-хітоў, але асноўныя наведвальнікі ўсё ж спяваюць папсу. Рокеру ў такой кампаніі, мякка кажучы, няёмка. А ў тым, што спяваць любяць усе, нават людзі без голасу ды слыху, я перакананы. Вось мы і паспрабуем выправіць гэтую сітуацыю, спадзяюся, у нас няёмка будзе аматару папсы".

Нягледзячы на тое, што самі арганізатары паміж сабой называюць суботнюю імпрэзу "першай спробай", але ўжо зараз аматарам паспяваць класіку рока прапануюць больш за 15 гадзін якасных мінусовак замежных выканаўцаў. Гэта асноўныя хіты AC/DC, Guns N' Roses, Iron Maiden, Metallica, Nirvana, Ozzy Osbourne, Deep Purple і іншых уплывовых музыкаў. Безумоўна, без увагі не застануцца і прыхільнікі рускага року: такіх мінусовак нават больш. Да таго ж, падтрымаць імпрэзу запрошаныя Аляксандр Памідораў (Pomidor/OFF), Каця Пытлева ("Клёндайк"), музыкі "Разбітага сэрца пацана" ды джазавыя вакалісткі Аляксандра Захарык і Аляксандра Драбышэўская, якія выступяць у ролі звычайных наведальнікаў. Калі ўсё пройдзе добра, то рок-караоке плануецца зрабіць рэгулярнай забавай у "Графіці". Ну а першая рок-караоке-вечарына пачнецца 19-га лістапада ў 23:00. Уваход вольны.

Фота: tamaatje4.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі