У міліцыі не пацвярджаюць факт затрымання ўкраінскіх грамадзянак

Нібыта, сёння іх будуць судзіць у судзе гэтага раёна. Па словах актывісткі руху Аляксандры Шаўчэнкі, такую інфармацыю яны атрымалі ад сяброў.

Шаўчэнка: “Пакуль нічога дакладна невядома. Адзінае — нам паведамляюць нашы знаёмыя, што, магчыма, яны знаходзяцца ў Маскоўскім РУУС і сёння ў судзе Маскоўскага раёна ў іх будзе суд. Гэта тое, што нам кажуць. Але гэта інфармацыя недакладная, і мы пакуль дакладана не ведаем, дзе яны і што з імі”.

Па словах Аляксандры, дзяўчаты мусілі вечарам 19 снежня выехаць у Кіеў. Сувязь з імі знікла вечарам. Аляксандра не выключае, што іх затрымалі ці па дарозе на вакзал, ці на самім вакзале.

Па словах актывісткі, дзяўчаты ехалі ў Мінск падрыхтаваныя, з “наборам палітвязня” і былі гатовыя да затрымання. Але тое, што адбылося, было непрыемнай нечаканасцю.

Шаўчэнка: “Дзяўчаты прыехалі цалкам падрыхтаваныя да ўсяго. Яны былі гатовыя з’ехаць з акцыі у міліцэйскай машыне. Але не зусім былі гатовыя з’ехаць позна вечарам у невядомым кірунку. Калі дзяўчат забіраюць з акцыі пад фотабліскавіцамі, мы дакладна ведаем, што хтосьці з журналістаў паведаміць нам, у якім яны аддзяленні, што з імі адбылося. А зараз мы можам толькі меркаваць, дзе яны і ці жывыя яны ўвогуле!”

Аляксандра кажа, што яны ўжо звярнуліся па дапамогу ў амбасаду Украіны ў Беларусі і падрыхтавалі зварот у амбасаду Беларусі ў Кіеве. Калі ж цягам сённяшняга дня пра актывістак руху нічога не высветліцца, то ўжо 21 снежня яны будуць ладзіць акцыю пратэсту каля беларускай амбасады.

Еўрарадыё датэлефанавалася ў Маскоўскі РУУС ў пошуках зніклых актывістак FEMEN. Але ні дзяжурны, ні прэс-афіцэр упраўлення Аксана Кандрацюк нічога пра украінскіх грамадзянак не паведамілі — не пацвердзілі ні факт іх затрымання, ні факт знаходжання актывістак у гэтым РУУС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі