У Мазырскім СІЗА трымаюць балгарскага паэта
Лаўрэат балгарскай прэміі "Дэбют" Дзіміцер Кенараў быў затрыманы за тое, што знаходзіўся ў Беларусі без дакументаў.
Мазырская міліцыя затрымала яго і грамадзяніна ЗША Джэйсана Мотла ў сераду 29 чэрвеня. Пісьменніца Марыйка Мартысевіч у сваім блогу паведаміла, што балгарын згубіў свой пашпарт у Ганцавічах. У Мазыры Кенараў хацеў узяць інтэрв'ю ў дырэктара мясцовага аўтарамонтнага заводу. Але дырэктар здаў абодвух замежнікаў міліцыі.
Амерыканца хутка вызваліў консул ЗША, пасля чаго Мотла выдалілі з тэрыторыі Беларусі. А Кенараў дагэтуль застаецца пад вартай, бо ў яго не было пашпарта. Між тым балгарская амбасада не спяшаецца даставіць у Мазыр дакументы для яго вызвалення, адзначае Мартысевіч.
Як паведамляе Радыё "Свабода", Дзіміцер Kенараў — незалежны журналіст з Сафіі і рэдактар VQR. Яго матэрыялы друкаваліся ў такіх вядомых выданнях, як Nation, the Boston Review, Etiqueta Negra.