У Гродне змагаюцца супраць русіфікацыі польскай школы

Намер пра стварэнне такіх класаў у школе №36 пацвердзіў загадчык аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ламека ў жывым эфіры мясцовага тэлебачання. Чыноўнік патлумачыў такое рашэнне перагружанасцю іншых школ мікрараёна Дзевятоўка. 

Бацькі вучняў 36-й школы не хочуць пагаджацца з такім суседствам, бо бачаць у ім сур’ёзную небяспеку для якасці польскамоўнай адукацыі:“Калі з’явяцца два рускія класы, яны проста разбураць моўнае асяроддзе, якое ёсць. Па-другое, могуць быць канфлікты паміж двума тыпамі класаў. Гэта проста псіхалогія дзяцей: “Ты не такі, як я, таму мы будзем змагацца”. Па-трэцяе, калі прыходзяць рускамоўныя дзеці, яны павінны разумець тое асяроддзе, дзе яны знаходзяцца. Калі на гардэробе напісана “szatnia”, то лагічна, што трэба павесіць новую ці другую таблічку, каб дзеці разумелі, што гэта гардэроб”, — кажа маці трэцякласніцы Эдыты Сарокі Наталля

Наталля разам з іншымі бацькамі збірае подпісы супраць такога рашэння мясцовых уладаў. Свой ліст яны накіруюць у мясцовыя выканаўчыя камітэты, Міністэрства адукацыі, Савет міністраў, а таксама ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. 

“Бацькі падпісваюцца проста ахвотна, чаго я сама не чакала. Нават тыя бацькі, якія не лічаць сябе палякамі. У польскую школу ходзяць не заўсёды палякі. Часам туды ходзяць дзеці, бацькі якіх хочуць, каб яны размаўлялі і ведалі польскую мову, а не тую трасянку, на якой размаўляе ўсё Гродна”, — працягвае Наталля

Будынак 36-ай школы афіцыйна належыць “Саюзу палякаў на Беларусі”.  Будаўніцтва прафінансавала арганізацыя “Wspolnota polska” ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Тэарэтычна толькі Рада “Саюза палякаў на Беларусі” мае паўнамоцтвы вырашаць далейшы лёс школы.

Гэта вынікае з пагаднення паміж СПБ і гарвыканкамам, падпісаным у 1995 годзе:

“Улады не могуць у аднабаковым парадку ўвесці рускамоўныя класы. На гэта павінна быць згода “Саюза палякаў на Беларусі”. Увогуле дамова так падпісана, што гэта школа павінна функцыянаваць выключна як такая, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на польскай мове. Там нават ёсць такі запіс, што калі дамова не будзе выконвацца, то “Саюз палякаў” можа забраць будынак, які ён пад школу выдзяліў беларускім уладам”, — патлумачыў Еўрарадыё тагачасны старшыня “Саюза палякаў” Тадэвуш Гавін

У 2005 годзе, пасля расколу ў польскай меншасці, школы ў Гродне і ў Ваўкавыску адышлі да зарэгістраванай ў Беларусі арганізацыі. Наталля Сарока прапанавала падпісаць бацькоўскі ліст старшыню СПБ Мечыславу Лысаму. Аднак кіраўнік афіцыйнага аб’яднання адказаў, што па гэтым пытанні Рада пакуль не збіралася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі