У Гомелі прайшоў фэст каляднай песні

Мерапрыемства адбылося ў гарадскім парку на пляцоўцы ля ўваходу ў філіял веткаўскага музею. Імправізаваны фестываль атрымаў назву “Каляда, калядзіца, добрая маладзіца!”. На яго завіталі аўтэнтычныя народныя гурты “Стаўбунскія вячоркі” з вёскі Стаўбун і гурт “Рэчанька” са Старога Сяла. Удзел у свяце таксама прымалі маладыя пераемнікі народнай традыцыі з Гомеля — спеўны гурт краязнаўчай арганізацыі “Талака”.

Апроч песень ды святочных зычанняў усім прысутным таксама прадэманстравалі і беларускі лялечны тэатр “Батлейка” — гэта была традыцыйная для Раства пастаноўка “Цар Ірад”. Цяжка сказаць, хто больш атрымаў захаплення ад убачаннага: самі гамельчукі ці турысты з Расіі, экскурсіі з якімі часта можна пабачыць цяпер пад час навагодніх святаў у Гомелі.

Скончыўся ж фестываль народнымі танцамі пад дуду. У іх удзельнічалі ўсе жадаючыя: ад маленькіх гамельчукоў, гасцей горада і да вайсковых курсантаў, якім відавочна спадабаліся такія незвычайныя для іх скокі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі