У Брэсце пачнуць судзіць грамадскага актывіста Віталя Каўша

Разгляд прызначаны ў Брэсцкім раённым судзе на 11 снежня (пачатак у 14.20), паведаміла жонка арыштаванага Жанна Коўш.

Нагадаем, 28-гадовы Віталь Коўш абвінавачваецца ў тым, што нібыта ў траўні 2012 года падвёз да беларуска-польскай мяжы групу індусаў з васьмі чалавек, і тыя па канату перайшлі на польскі бок, дзе іх чакаў хаўруснік Каўша.

Пастанова аб арышце Віталя Каўша была выдадзеная ў ліпені. 1 верасня яго затрымалі ў вёсцы пад Брэстам на вачах у жонкі і сына. Па словах жонкі, ён “нікуды не хаваўся і цэлае лета спраўна хадзіў на працу”.

Пасля затрымання Каўша два дні не маглі знайсці родныя. Потым ён знайшоўся ў следчым ізалятары №7, дзе яго ўтрымліваюць да суда.

Віталю Каўшу пагражае ад 3 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.

Вось што кажа пра Каўша брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

"Ён актывіст, партыйны дзеяч (сябра Партыі БНФ — Еўрарадыё). Якую ролю ён там выконваў, не магу сказаць, напэўна, не лідыруючую. Удзельнічаў у розных мерыпрыемствах, якія партыя ладзіла... Штосьці кепскага пра гэтага хлопца я асабіста сказаць не магу".

На здымку: Віталь Коўш з сынамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі