У Беларускай нафтавай кампаніі не ведаюць, колькі каштуе нафта з Венесуэлы

Навіна пра буйныя пастаўкі нафты з Паўднёвай Амерыкі здзівіла і
ўсхвалявала беларусаў. Навошта завозіць выкапні аж з Венесуэлы, калі
традыцыйным пастаўшчыком нафты заўсёды была Расія? І чаму, як лічаць
некаторыя эксперты, Венесуэла будзе даваць нам нафту практычна “за так”?
Высвятляла Еўрарадыё

Еўрарадыё:
Магчыма вы чулі, што ў нас у Беларусь збіраюцца завозіць нафту з Венесуэлы? Што вы пра гэта думаеце?

— Я думаю, што гэта вельмі далёка. Па-мойму, для нас гэта будзе неакупляльна.
— Гэта ўвогуле смешна. У выніку яна будзе яшчэ даражэйшая, чым калі б мы куплялі нафту ў Расіі. Гэта неразумнае рашэнне.

Нагадаем, што па выніках сустрэчы прэзідэнта Беларусі з венесуэльскім калегам Уга Чавесам, стала вядома, што ў траўні Венесуэла паставіць у Беларусь партыю нафты аб'ёмам 80 тысяч тон.

Канфлікт з Расіяй на пачатку года зноў прымусіў беларускія ўлады шукаць альтэрнатыву пастаўкам расійскай нафты. Магчыма, таму нам спатрэбіўся альтэрнатыўны паўднёва-афрыканскі рынак? Бо кошты растуць: Расія пачала абкладаць пошлінай новыя пастаўкі нафты.

Леанід Заіка: “Венесуэльская нафта — адна з лепшых у свеце, яна лёгка здабываецца. Гэта нафта недарагая, таннейшая толькі арабская нафта, таму Чавесу яна дастаецца бясплатна. Такая бясплатная нафта будзе дастаўляцца ў Беларусь чыгункай. І, у прынцыпе, ў месцах дастаўкі да завода яна можа каштаваць і 40-50 долараў за барэль”.

Эканаміст Леанід Заіка супакоіў, што першыя пастаўкі з-за Атлантычнага акіяну на кошты на паліва для беларусаў не паўплываюць:

“Ніяк абсалютна. Я паўтараю, што гэтая нафта не выходзіць на рынак, яна не прадаецца, не з’яўляецца біржавым таварам — гэта проста выкапень, які два прэзідэнты бясплатна бяруць у венесуэльскага народа дзеля ўласнага эксперыменту. Хлапчукі яе будуць штурхаць на Захад, яна для Захаду. Для беларусаў дастаткова той нафты, якую даў нам Крэмль”.

Беларускія чыноўнікі не называюць дакладнага кошту венесуэльскай нафты: кажуць, што пра яго можна будзе казаць толькі пасля першай пастаўкі. На пытанне “Чаму Венесуэла?” прэс-сакратар Беларускай нафтавай кампаніі Андрэй Сініцын адказаў, што яно не да іх арганізацыі, хаця менавіта БНК і будзе ажыццяўляць пастаўкі нафты з Венесуэлы ў Беларусь:

“Гэтае пытанне не да нашай кампаніі. Першая пастаўка пакажа ўсё. Пакуль гаварыць рана — ці будзе яна нашмат даражэйшая альбо наадварот… Чакаем першую партыю, яна будзе перапрацаваная, пасля ўсё стане на свае месцы”.

Але людзі на вуліцах застаюцца аптымістычныя. І нават калі кошты на паліва падвысяцца, кажуць, што выжывуць:

“Нас гэта не датычыцца — мы ўсё больш на ровары ездзім…”