У “Аканы” і швейцарскага бэнда з’явіўся сумесны дыск

111102 Masha Akana.mp3

Вакальнае трыа “Акана” мае дзве добрыя навіны. Яны тычацца сумеснага праекту KAZALPIN, які “Акана” робіць разам са швейцарскім бэндам Albin Brun Alpin Ensemble. Па-першае, пасля двухгадовай працы на нямецкім лэйбле Сhallengerecords у музыкаў выйшаў альбом. Па-другое, праект выпраўляецца на гастролі ў падтрымку пласцінкі. За падрабязнасцямі Еўрарадыё накіравалася на рэпетыцыю дзявочага трыа, якое ўжо 10 лістапада чакаюць у швейцарскім Люцэрне.

Руся: Ну вось менавіта сёння мы сабраліся на рэпетыцыю, каб аднавіць адну з песень, якая называецца “Гарэла сосна”. Таксама мы яе павязем зараз у Швейцарыю на рэпетыцыі і будзем рыхтаваць да беларускага і да швейцарскага тураў.


Еўрарадыё: А колькі ў вас будзе там часу на рэпетыцыі?

Ірэна Катвіцкая: 5 дзён, а потым будзе гастрольны тур. Вось за 5 дзён мы павінны прыйсці ў форму (смяюцца).

Прэзентацыя альбома праекту KAZALPIN адбудзецца ў васьмі швейцарскіх і чатырох беларускіх гарадах. Ужо зараз жыхары Еўропы з задавальненнем набываюць і слухаюць дыск “KAZALPIN”. Ці атрымаюць такую магчымасць беларусы, пакуль не вядома - замежныя лэйблы вельмі сур’ёзна абараняюць свае аўтарскія правы. Па гэтай жа прычыне альбом не будзе выкладзены ў Сеціве.

Руся: “Цяпер мы вядзем перамовы з West-Records на гэты конт. Але нам вельмі цяжка дамовіцца са швейцарскім і нямецкім бокам, бо яны вельмі хвалююцца за капірайты і за аўтарскія правы. А як вы ведаеце, на Беларусі з аховай аўтарскіх правоў працаваць даволі складана. Таму на дадзены момант мы не ўпэўненыя, што зможам дамовіцца. Вельмі б хацелася зрабіць невялікі тыраж, каб ён прадаваўся ў беларускіх крамах таксама”.

“Акана” называе дыск “KAZALPIN” першым у гісторыі беларускай музыкі інтэрнацыянальным этна-джазавым альбомам. З такім стылістычным вызначэннем пласцінкі згодныя і прадстаўнікі лэйбла Сhallengerecords. Праўда, робіць рэмарку Руся, ёсць тут і нюансы.

Руся: “Джаз Albin Brun Alpin Ensemble – гэта не класічны джаз. Там ёсць шмат месца для імправізацыі, для аўтарскіх вынаходніцтваў. Гэта сучасны джаз з элементамі альпійскіх народных мелодый.


Ірэна Катвіцкая грунтоўна прэзентуе змест пласцінкі.

Ірэна Катвіцкая: “У альбоме ёсць тры стылістычныя буйныя пласты. Будзе прадстаўленая беларуская аўтэнтыка, арыгінальныя інструментальны кампазіцыі Альбіна і тое, што мы назвалі нашым сумесным праектам – наша ядро – сумесныя аранжыроўкі і этна-джазавыя кампазіцыі”.


На жаль, усе міжнародныя праекты аднойчы завяршаюцца. Пакуль не вядома, ці ёсць будучыня ў праекту KAZALPIN, аднак музыкі спадзяюцца што-небудзь для гэтага прыдумаць.

Руся: “Вядома, не хацелася б на гэтым спыняцца, маўляў, зніклі фонды, і знік KAZALPIN. Вядома, што мы будзем спрабаваць прадаваць гэты праект на нейкія фестывалі. І спадзяюся, што мы здолеем знайсці новае фінансаванне, бо, насамрэч, гэта новае слова як для беларуская музыкі, так і для швейцарскай сучаснай музыкі”.


Беларускі тур KAZALPIN пачнецца 30 лістапада выступам у Мінску. На канцэрты праекту могуць трапіць і нават патусіць з музыкамі і слухачы Еўрарадыё. Зусім хутка на сайце www.euroradio.fm стартуе конкурс! Таксама ў бліжэйшую пятніцу слухайце нашу Перадачу-Аглядачу, дзе Еўрарадыё выступіць апанентам прыхільнікам тэрміну “этна-джаз” у дачыненні да праекту KAZALPIN.

Фота Еўрарадыё і з архіваў гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі