Ціхановіч: Усіх апытваюць, некаторых сяброў журы выклікалі

120217 Malina Eurafest.mp3

Гэта Еўрарадыё ўскосна пацвярджае кіраўнік журы Аляксандр Ціхановіч:

"Я ў Санкт-Пецярбургу, але мне ўсе тэлефануюць, пытаюцца. Я званю нашым у Мінск, мне кажуць, што нейкія пытанні ёсць. Усіх апытваюць, таксама і сяброў журы некаторых выклікалі".

Другі сябра журы Яўген Алейнік прагне даведацца пра вынікі глядацкага галасавання. І не зразумее, чаму ніякай інфармацыя няма дагэтуль.

"Мне паабяцалі, што праз 2-3 дні пасля паўфіналу на сайце "Белтэлерадыёкампаніі" з'явяцца расшыфроўкі тэлефоннага галасавання. Дагэтуль няма. Учора мне Дзмітрый Баранаў (куратар "Еўрафэсту" ад "Белтэлерадыёкампаніі" - заўв. Еўрарадыё) паабяцаў, што цягам некалькіх дзён з'явяцца расшыфроўкі і за паўфінал, і за фінал. Суткі мінулі, іх таксама няма".

На думку Аляксандра Ціхановіча, да "Еўрафэста" галасы гледачоў увогуле... не маюць дачынення.

“Пытанне ў прынцыпе не да нас. Бо "Еўрафэст" створаны, каб займацца адборам кандыдатаў, падрыхтоўкай пераможцы да конкурсу і стварэннем прафесійнага журы”, – тлумачыць Аляксандр Ціхановіч. – Сёлета старшынёй журы быў я, мы сваё меркаванне выказалі. У нас ёсць бюлетэнь, у якім кожны з нас выставіў свае адзнакі і распісаўся. Што датычыцца глядацкага галасавання, то мы ж гэтым не займаемся. Гэта адсочваюць зусім іншыя крыніцы: тэлебачанне ды кампаніі, што збіраюць гэтыя галасы".

Нагадаем, партал tut.by паведаміў: прэзідэнт стварыў камісію, што мусіць праверыць вынікі галасавання ў фінале "Еўрафэста". Такое рашэнне было прынята з-за скандалу падчас абвяшчэння вынікаў у Палацы Спорту, і потым у "байнэце".

"Белтэлекам" ад каментарыяў пра вынікі галасавання адмаўляецца. Кіраўнік "Еўрафэста" “адмаўляецца” ад "Белтэлерадыёкампаніі". А куратар "Еўрафэсту" ад "Белтэлерадыёкампаніі" Дзмітрый Баранаў ужо амаль два дні знаходзіцца на нейкай няспыннай нарадзе. Астатнія проста "не ў курсе".

Тым часам гурт Litesound, які заняў 2-е месца, дагэтуль лічыць, што перамог менавіта ён. А тое што было напісана на паперках у нейкіх канвертах – лухта.

"Сябры журы прагаласавалі за Litesound і гледачы, гэта стала вядома літаральна за хвіліну да абвяшчэння вынікаў, – распавядае дырэктар гурта Юрый Каракін. – Было зразумела, што Litesound мусіць перамагчы. А потым, калі адкрылі канверт, раптоўна аказалася, што там напісана зусім іншае. Наколькі я ведаю, гэта было нечакана і для сябраў журы".

Тое, што журы прагаласавала менавіта за Litesound пацвердзіў і Аляксандр Ціхановіч. Але па выніках глядацкага галасавання, якія прынеслі старшыні камісіі, першай стала Алёна Ланская. У суме і Litesound і Ланская атрымалі аднолькавую колькасць балаў. Па правілах Еўрапейскага вяшчальнага саюза, якія былі перанесеныя і на "Еўрафэст", у такім выпадку перамагае той, хто атрымаў падтрымку менавіта гледачоў. Еўрарадыё перачытала правілы Еўрафэста, але там нічога пра механізм вызначэння пераможцы няма.

Фота: belta.by