Ці супакоіў прэзідэнцкі ўказ аб тэхнапарку дачнікаў і суседзяў?

120612 Savi4 Park_0.mp3120612 Savi4 Park_0.mp3

“Пакуль што чапаць заказнік (!) мы не будзем, у гэтым фішка, - гаворыць старшыня галоўнага ўпраўлення інвестыцыі Мінэканомікі Кірыл Каратэеў. – Думаю, што ўвогуле да пачатку размовы пра Кітайска-беларускі індустрыяльны парк ніхто пра гэты заказнік і не чуў. Таму наша мэта – прыцягнуць увагу да яго, як да турыстычнага комплексу. Глабальная ідэя ў тым, каб зберагчы заказнік “Валмянскі” – пабудаваць там лаўкі, месцы адпачынку”.

Сапраўды, нечакана! На тэрыторыі будучага Тэхнапарку размяшчаецца.... рэспубліканскі біялагічны заказнік “Валмянскі”. Пад яго дзяржава выдзеліла больш за 8 тысяч гектараў – пад забудову трапіць 15 населеных пунктаў, 13 садовых таварыстваў.

Яшчэ нечаканасць. “На тэрыторыі парку знаходзіцца каля 4 тысяч гектараў лясгасугоддзяў, - кажуць Еўрарадыё ў Смалявіцкім лясніцтве. – Зразумела, падчас будаўніцтва прадпрыемстваў іх будуць высякаць. Аднак, калі гэта патрэбна для краіны…”.

На пытанне Еўрарадыё, што будзе з землямі дачнікаў, старшыня галоўнага ўпраўлення інвестыцыі Мінэканомікі дакладна адзначае: дачнікаў чапаць не будуць.

“Зноў жа якіясь здагадкі ўзнікаюць. Згодна ўказу, правы ўладальнікаў зямлі ўлічаны, - кажа Кірыл Каратэеў. – Землі пад лецішчамі чапаць не будуць. Гэта рашэнне прэзідэнта”.

У кіраўніцтве Смалявіцкага раёна нас запэўніваюць, што “ўсе задаволеныя, акрамя дачнікаў".

"Недалёка аэрапорт і дзве дарогі рэспубліканскага значэння - усе ўмовы для таго, каб менавіта ў нас будаваўся парк, - гаворыць намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Наталля Якубіцкая. - Я думаю, прыбыткі будуць расці, палепшыцца дабрабыт горада, людзі змогуць пабудаваць сабе жыллё. Ўсе задаволеныя, акрамя дачнікаў".

Прэзідэнцкі указ, як быццам, павінен супакоіць дачнікаў. На справе ўладальнікі лецішчаў захваляваліся яшчэ больш.

Як расказвае “Еўрарадыё”  гаспадыня дачы ў садовым таварыстве “Алеся” Наталля, лецішча ў яе тут каля 10 гадоў. Яе сям’я перавезла сюды дом, паставіла фундамент, перакрылі дах, уклалі шмат грошай, а зараз іх літаральна выганяюць. Наталля гаворыць, што суседства з індустрыяльным паркам фактычна пазбаўляе адпачынку.

“Я прыёмная маці – у мяне 12 дзяцей і лецішча для нас – і адпачынак, і спосаб пракарміцца. Летам дзеці адпачываюць на вадасховішчы. Некалі мы бралі пробы вады і, як высветлілася, у нас была вельмі чыстая вада. Але ж хутка пабудуюць заводы, адзін з іх, будзе хімічны – і вадасховішча забрудзяць, забрудзяць землі”.

Такога ж меркавання і шмат іншых уладальнікаў зямлі. Бо плошча парку нават пасля абурэння дачнікаў не змянілася!


“Зразумела, супраць. Гэта нонсэнс, калі нам кажуць, што наша зямля не будзе адбірацца, між тым, плошча парку нікуды не змянілася і не змясцілася, - кажа “Еўрарадыё” член садовага таварыства “Граніт-2002” Юрый. Ён мяркуе, што будуць створаны невыносныя ўмовы - пад бокам прадпрыемства бульбу не пасадзіш.

“У нас спадзяванне толькі на тое, што ў праекта не хопіць грошай, каб асвоіць усе землі і да нас не дойдзе чарга”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі