Ці павысяць заробкі беларускім ўрачам і настаўнікам следам за вайскоўцамі?

120208 Nasta Zarobki.mp3

На сустрэчы з міністрам абароны кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка абяцае павысіць заробкі вайскоўцам у два разы. Фінансаваць беларускае войска будзе Расія.

Лукашэнка: "У нас ёсць дамоўленасць з прэзідэнтам Расіі, я яму накіраваў ліст аб пошуку дадатковых сродкаў для беларускіх вайскоўцаў. У нас, у прынцыпе, агульная армія, таму што задачы ў нас агульныя стаяць, а памер грашовага забеспячэння ў вайскоўцаў Расіі і Беларусі можа адрознівацца ў 2 разы. Гэта непрымальна. Расійскі прэзідэнт абяцаў дапамагчы, таму трэба заняцца гэтым пытаннем".


Еўрарадыё параўнала заробкі іншых бюджэтнікаў Расіі і Беларусі.

У сталічную паліклініку патрабуюць лекара-эндакрынолага. Гатовыя браць нават пенсіянера ці інваліда!

“Заробак будзе ў межах 3 мільёнаў. Можна і пенсіянерам, і інвалідам, бо па візітах хадзіць не трэба”, — кажа супрацоўніца 35-й сталічнай паліклінікі.

Белстат перадае, што сярэдні заробак у Мінску ўжо больш за 3 мільёны. Але школьны настаўнік мовы і літаратуры атрымае амаль у два разы менш!

“Заробак у вас выйдзе 1,8 недзе. Да канца года нам абяцаюць 500 долараў. Усім сказалі, але ж мы бухгалтары…”, — малююць перспектывы ў сталічнай школе № 135.

Еўрарадыё патэлефанавала ў трэцюю мінскую бальніцу. Урачы за студзень там зарабілі больш за 5 мільёнаў.

Бальніца №3: “За студзень сярэдні заробак тры мільёны пяцьдзесят тысяч. Гэта цалкам фонд заробку мы дзелім на сярэднеспісачную колькасць. Менавіта па ўрачах – пяць мільёнаў дзвесце семдзесят восем тысяч”.


Цікава, што нават па Мінску заробкі ў некаторых бальніцах істотна адрозніваюцца. У бальніцы №10 сярэдні заробак урача за 2011 год склаў усяго тры мільёны.

Бальніца №10: “Тры мільёны сто семдзесят пяць, сярэдні медыцынскі персанал мільён дзевяцьсот семдзесят восем тысяч, і астатнія мільён чатырыста дзве тысячы. У нас нейкі маленькі заробак, кажуць. У іншых паболей. Але з чым звязана не ведаю”.


Якія ж заробкі атрымліваюць лекары і настаўнікі ў Расіі? У некаторых маскоўскіх школах заробкі настаўнікаў даходзяць да 50 тысяч расійскіх рублёў. А то і болей…

“Сярэдні заробак у нас у школе — 58 тысяч. І мы спадзяемся, што з 1 студзеня ён будзе яшчэ большым. Настаўнік не можа атрымліваць менш, чым ён атрымліваў да Новага года. Але гэта, вы ж разумееце, — сярэдні заробак, як сярэдняя тэмпература па лякарні. І вы таксама не забывайце, што Масква — гэта не Урупінск”, — кажуць Еўрарадыё ў школе №1106 у Маскве.

58 тысяч расійскіх рублёў — гэта амаль дзве тысячы долараў! У 8 разоў больш, чым зарабляюць настаўнікі ў Мінску.

“Працую настаўнікам у школе ў Краснаярску. Атрымліваю 4000. Хачу больш!”, — піша на форуме настаўнік з Краснаярску. Такі заробак ужо бліжэй да беларускіх рэалій… 4000 — троху больш за 130 долараў.

Больш за сваіх беларускіх калег атрымліваюць і расійскія ўрачы. Вакансіі ў Маскве прапануюць ад 20 да 40 тысяч расійскіх рублёў. А вось заробак тэрапеўта з Алтайскага краю — усяго 5 тысяч сто шэсцьдзясят рублёў, што складае 172 долары.

Для зручнасці Еўрарадыё пералічыла сярэднія заробкі ў долары. У Расіі ў сярэдзіне 2011 года ў сферы адукацыі сярэдні заробак складаў 500 долараў, у ахове здароўя — троху больш (545 долараў). Заробкі ж беларускіх калег — у два разы ніжэйшыя. У канцы 2011 года “настаўнікі” атрымлівалі ў сярэднім усяго 207 долараў, “урачы” — 215, на 8 долараў больш.

Якія б заробак сёння вас задаволіў? Слухайце вулічную апытанку Еўрарадыё.

Фота: feelgood.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі