Ці хопіць грошай, якія даюць кандыдату на агітацыю, на білборд у Мінску?

На агітацыю кандыдатам у дэпутаты дзяржава дае 5 мільёнаў рублёў. Ці можна на гэтыя грошы зрабіць палітычную кампанію? Цікавімся ва ўкраінскага паліттэхнолага Міхаіла Паграбінскага.


"Натуральна, жыццё ў Беларусі таннейшае. Я думаю і кошты на рэкламу павінны быць меншымі, чым у нас. Але ўсё роўна 600 долараў — гэта нейкія смешныя грошы. Таму што ясна ж, што на іх нейкую сур'ёзную піяр-кампанію правесці немагчыма. Строга кажучы, столькі каштуе тыдзень працы кваліфікаванага паліттэхнолага".


Але ж калі ўгаварыць паліттэхнолага папрацаваць за ідэю ды разам з ім знайсці каманду, гатовую працаваць без грошай, то можна разлічваць... на сціплую кампанію ад дзвярэй да дзвярэй.


Міхаіл Паграбінскі: "Я, калі балатаваўся 22 гады таму, у мяне было не менш за 150 энтузіястаў, якія не атрымоўвалі ніякіх грошай, хадзілі па кватэрах і агітавалі за мяне. Але цяпер такога не бывае. Дапусцім, што ў вас такое магчыма, ну што... за гэтыя грошы можна правесці вельмі сціплую кампанію. Выпусціць 1000 улётак, раздаць іх людзям".


На гэтым грошы і скончацца. А павесіць банеры, білборды, даць рэкламу ў газетах, на радыё?


"Абсалютна не рэальна, і ў гэтыя грошы ніяк не ўкладзешся", — адказвае паліттэхнолаг.


Уяўляем, што мы кандыдаты і бяром 5 мільёнаў на агітацыю. 


"На ўлёткі і плакаты дастаткова 5 мільёнаў. Чорна-белыя ўлёткі і каляровыя плакаты. 50 плакатаў і 6 тысяч улётак", — надрукаваў кандыдат з Горак Андрэй Юркоў. Але гэта ў прыватнай друкарні на лічбавым друку, на палову менш будзе каштаваць друк улётак тым жа фарматам А4 у друкарні ў накладзе 10 тысяч асобнікаў. Але на што хопіць астатніх грошай?


На адзін білборд у Мінску не хопіць. Але, калі адмовіцца ад друкаванай агітацыі — то рэальна. Але толькі адзін білборд на месяц і пры ўмове, што макет вы намалюеце самі. Так узгадненне, друк і размяшчэнне на адзін месяц абыдзецца амаль у 550 долараў, згодна з прайс-лістом "Мінскрэкламы".


Існуюць яшчэ і асабістыя фонды кандыдатаў, але нават на прэзідэнцкіх выбарах там назапашвалася няшмат грошай. Таму ў Мінску мы не пабачым агітацыі на білбордах, і нават не паўсюль яна ёсць у "спецыяльна адведзеных месцах". Толькі 69 кандыдатаў адкрылі свае рахункі, пра што паведамляе Беларусбанк.


Ва Украіне таксама праходзяць выбары. Там грошай на выбары ў палітычных партый больш. Як агітуюць там?


Міхаіл Паграбінскі: "Малыя архітэктурныя формы, стаяць намёты па ўсёй краіне, якія агітуюць людзей. Яны выкарыстоўваюць і друкаваную прадукцыю, раздаюць газетку, рэкламку. Наглядная агітацыя — білборды і розныя налепкі, каб кідацца ў вочы. Пажадана, каб падтрымліваў нейкі вядомы чалавек. Заказныя артыкулы выкарыстоўваюць вельмі шмат, але гэта даволі дорага".


Самыя ж багатыя кандыдаты праводзяць канцэрты. Але па словах паліттэхнолага Міхаіла Паграбінскага, эфект ад іх мінімальны. Людзі слухаюць музыку, а галасуюць па-свойму. Але гэта вельмі эфектыўны спосаб адмываць грошы.


У Беларусі ж мы бачым з большага сумныя і нецікавыя бясплатныя выступы кандыдатаў па радыё і ТБ, праграмы ў газетах і плакаты ў адведзеных месцах. А таксама ўлёткі ў паштовых скрынях. І тое, пакуль і не ўсяго гэтага відаць.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі