Ці чакаць нам сусветна вядомых зорак у новым канцэртным сезоне?

110901 Malina Koncerty.mp3

З надыходам восені традыцыйна пачынаецца новы канцэртны сезон. Сёлета ён пакуль не багаты на сусветныя зоркі. Да прыкладу, Палац Рэспублікі, адзін з найбуйнейшых “пастаўшчыкоў” сусветна вядомых артыстаў у Беларусь, зараз рыхтуе толькі два прывазныя канцэрты.

"У нас 4 лістапада запланаваны канцэрт "30 Seconds to Mars", а літаральна праз дзень, 6 лістапада – "Electric Light Orchestra" пры ўдзеле Прэзідэнцкага аркестра, – распавядае прадстаўніца Палаца Рэспублікі Тамара Шахназарава. – На "30 секунд да Марса" квіткі будуць каштаваць прыкладна ад 200 да 600 тысяч. Што ж да "ELO", то квіткі будуць каштаваць ад 70 тысяч да 250".

Канцэрт "Electric Light Orchestra" ўжо дакладна пройдзе ў Палацы Рэспублікі, а вось дзе выступяць "30 Seconds to Mars", пакуль невядома, але гэта будзе ці Мінск-Арэна, ці Палац спорту. Прадстаўнікі "Палаца" дадалі, што свае планы яны пачалі будаваць, калі пачаліся праблемы з валютай, а таму шмат не планавалі. Але пэўныя ідэі на прывоз зорак у іх ёсць, аднак пакуль пра гэта казаць рана.

Кампанія "Корпорация развлечений", у якой зусім нядаўна па эканамічных прычынах адмяніўся чарговы прывоз гурта Rammstein, пакуль таксама запланавала толькі два канцэрты.

"У нас пакуль запланаваны канцэрт гурта "Hurts" 11 кастрычніка ў Палацы Спорту і Мікалая Баскава ў лістападзе, – распавядаюць у кампаніі. – Больш далёкіх планаў у нас няма, яны пакуль цалкам не сфармаваныя".

А вось кіраўнік канцэртнага агенцтва "Bo-Promo" Аляксандр Багданаў увогуле не збіраецца кагосьці прывозіць. Маўляў, прычыны зразумелыя без лішніх каментарыяў. Арганізатар канцэртаў Віталь Супрановіч таксама пакуль не рызыкуе прывозіць дарагія гурты, але займаецца калектывамі з суседніх краінаў.

Віталь Супрановіч: "14 кастрычніка ў клубе Re:Public сумесны канцэрт гуртоў Skyforger з Латвіі і Znich. Гэта вельмі вядомы па ўсім свеце латвійскі фолк-метал-гурт. Канцэрт будзе прымеркаваны 15-годдзя гурта Znich і выхаду новага альбома "Мроя". Таксама вядуцца перамовы пра канцэрт гурта Flёur з Украіны. Гэта будзе дзесьці ў кастрычніку-лістападзе. Мы пакуль не заяўляем пэўныя канцэрты, пакуль чакаем, што будзе адбывацца ў эканоміцы, бо прывозы замежных гуртоў вельмі залежаць ад курса долара".

Дарэчы, арт-дырэктар новага клуба Re:Public Макс Старцаў плануе заняцца сусветнымі зоркамі адразу пасля новага года, але пакуль робіць ухіл на гурты з суседніх краін.

Макс Старцаў: "З таго, што цяпер ёсць – гэта "Noize MC" 30 верасня і "Billy's Band" 8 кастрычніка. Таксама я планую прывезці два "свежыя" гурты. Гэта гурт "Маникюр" - маскоўскія гаражныя пост-панкі, і 18 лістапада сольнік гурта Pompeya. Зараз усе грошы пайшлі на клуб, але, думаю, калі разгонімся, то будзем размаўляць пра мега-зорак. Ужо ёсць нават прыблізныя планы на другую палову зімы ды вясну".

Даведацца пра планы яшчэ адных буйных “пастаўшчыкоў” сусветна вядомых зорак Allstars.by нам так і не пашанцавала. Але на іх афіцыйным сайце пазначаны толькі адзін канцэрт – 2-га верасня ў выставачным цэнтры BelExpo выступіць адзін з удзельнікаў культавага брытанскага калектыву Depeche Mode Эндзі Флэтчэр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі