"Той самы фестываль" намякае беларускаму тэатру: хопіць таптацца на месцы!

21 красавіка ў Мінску пачне працаваць Першы міжнародны фестываль эксперыментальных тэатраў з простай назвай “Той самы фестываль”. За дзень да ўрачыстага адкрыцця тыднёвага тэатральнага марафона арганізатары прызналіся, што ідэя фэста з’явілася абсалютна спантанна, дзякуючы раптоўнай магчымасці культурнага абмену з Германіяй.

Дырэктар ТСФ Любоў Жыромская прызналася, што спачатку планавалася зрабіць сур’ёзны фэст. Але ў выніку ўсё атрымалася даволі бязладна:

Любоў Жыромская: “Вельмі дзіўная праграма, я сама не разумею, якім чынам так усё здарылася. Проста раней я была дырэктарам фестывалю дзіцячых тэатраў “Шаг в небо”. І неяк па старой завядзёнцы мне ўвесь час хочацца рабіць моладзевыя праграмы. То бок, ад пачатку мы прыдумалі фестываль эксперыментальных, дарослых, прафесійных тэатраў, але потым я не здолела не запрасіць сваіх дзяцей ды сяброў. Не ведаю, напэўна, трошкі бязладна, напэўна, нелагічна, напэўна, не вельмі разумна, не маркетынгава, але мы вось такія”.


дырэктарка фэсту Любоў Жыромская (злева)

 
Агулам гасцямі фестывалю будуць 18 тэатральных труп. Гэта 140 удзельнікаў і 12 спецыяльных гасцей з Германіі, ЗША, Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Польшчы, Расіі, Казахстана і, зразумела, Беларусі. Кожны дзень фестывалю, які будзе доўжыцца да 26 красавіка ўключна, запланавана мінімум па дзве пастаноўкі. Праўда, па словах суарганізатара фестывалю ды тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава, паказаць гледачам усе, так бы мовіць, адгалінаванні працы эксперыментальных тэатраў не атрымаецца:

Аляксей Стрэльнікаў: “У асноўным гэта будзе менавіта пластычны тэатр. Бо арганізаваць у Беларусі нейкае прадстаўленне з перакладам вельмі-вельмі складана. У нас няма, напрыклад, абсталявання, каб людзі сінхронна слухалі пераклад. А пластычны тэатр мусіць быць аднолькава зразумелым ці незразумелым адразу для ўсіх. Мне так падаецца”.


Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў (у цэнтры)


Адзінай класічнай пастаноўкай на “Тым самым фестывалі” стане драма “Войцэх” Георга Бюхнера ў выкананні нямецкага моладзевага тэатра “Марабу”. Але яе прысутнасць, на думку Аляксея, вельмі паказальная. Менавіта гэтая п’еса паўплывала на адкрыццё новай эпохі драматургіі, а нам перамены не перашкодзілі б.

Аляксей Стрэльнікаў: “Есць пэўны дастаткова высокі ўзровень, ніжэй за які мы не апускаемся. Але трэба прызнаць, што ў галіне тэатральных навацый беларускі тэатр адстае ад таго, што адбываецца ў свеце. Бо на 8 тэатраў традыцыйных, класічных, абавязкова мусіць быць два-тры тэатры, у якіх можна б было ўбачыць, умоўна кажучы, цырк на дроце, што-небудзь абсалютна неверагоднае. Вось такога тэатра ў нас няма! Я гэта канстатую з сумам, бо менавіта дзякуючы гэтым тром эксперыментальным тэатрам астатнія восем асвяжаюцца пэўнай культурнай энергетыкай”.

 

Рэжысёр польскага "Studium Teatralne" Пётар Бароўскі (злева)

 

Апроч тэатральных пастановак, наведвальнікаў чакаюць майстар-класы і рэальная магчымасць нечакана стаць непасрэдным удзельнікам імпрэзы.

Любоў Жыромская: “Будуць майстар-класы па кантактнай імправізацыі, па танцы бута [напрамак сучаснага японскага танцу. — заўв. Еўрарадыё], па моладзевым тэатры. І славенскі майстар-клас, які штодня будуць праводзіць у Акадэміі мастацтваў па тры гадзіны. Пасля чаго будуць выходзіць на вуліцу, у двор Акадэміі мастацтваў, і разам з удзельнікамі ладзіць там вулічныя міні-спектаклі. А на трэці дзень яны возьмуць наведвальнікаў майстар-класаў паўдзельнічаць і ў сваім спектаклі “Уварванне”, які яны прывезлі на фестываль. Вось гэта ўжо напэўна будзе…”.


Тэатральны прадзюсар Марына Дашук (зправа)


Аляксей Стрэльнікаў: “Спектакль “Уварванне” ужо паказвалі ў Брэсце, на плошчы Леніна. Канечне, там было шмат міліцыі, як і паўсюль у нас. Для мяне, напрыклад, стала дзіўным тое, як на пачатку міліцыянты ўспрымалі гэта ўсё ўсур’ёз, і як яны ў выніку далучыліся да гэтай гульні".

Славенскую пастаноўку можна будзе пабачыць 25 красавіка а 17-й гадзіне. Квіткі на фестываль каштуюць ад 10 да 20 тысяч рублёў. Але некаторыя мерапрыемствы фэста будуць бясплатнымі.


Праграма фестываля:


21 красавіка, чацвер


16.30 – Адкрыццё і інсталяцыя Вольгі Косцел "Празрыстасць\ 0" у тэатры беларускай драматургіі.
17:00"Прывідная воля" Пластычны спектакль тэатра Карэла Ванэка з Германіі ў тэатры беларускай драматургіі.
19:00"Караля сэрцаў ізноў няма" Драматычны спектакль тэатра "Studium Teatralne" з Польшчы, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
21:00 – Канцэрт тэатра "D.O.Z.SK.I." Пластычны спектакль Беларускага калектыва ў тэатры беларускай драматургіі.


22 красавіка, пятніца


11:00Майстар-клас па драматургіі тэатра імправізацыі Веранікі Насальскай з Казахстана.
13:00Майстар-клас Карэла Ванэка з Герамніі па кантактнай імправізацыі ў тэатры беларускай драматургіі.
17:00"Пустэча сярод людзей" Пластычны спектакль тэатра "Debris Company" з Чэхіі;
Паказ мультфільмаў студыі дзіцячай анімацыі "Мы ёсць!";
"У маім падхватніку" Спектакль-канцэрт лялечнай студыі "Ціхі акіян" з Беларусі, у Палацы культуры ветэранаў.
20:00"Доступ да цела" Пластычны спектакль тэатра "Инжест" з Беларусі пройдзе ў палацы культуры чыгуначнікаў.


23 красавіка, субота


13:00Майстар-клас па вулічным тэатры з наступным удзелам у сумесным флэш-мобе, які правядзе "Kud Ljud" са Славеніі ў беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
–:–Майстар-клас па драматургіі тэатра імправізацыі Веранікі Насальскай з Казахстана.
16:00"Эскарэал" Пластычны спектакль тэатра "EYE" з Беларусі. Будзе паказаны ў нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
17:00"Наташына Мара" Драма Валакаламскага народнага тэатра з Расіі. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, малая сцэна.
18:00 – Паказ фільмаў дзіцячага Цэнтра тэатра і кіно ў рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, на малой сцэне.
19:00"Пачвара/Дзяўчына" Cпектакль-бута тэатра "Lucid Street Theatre" з ЗША ў Новым Драматычным Тэатры.
20:00 "Кропка Зборкі"  Пластычны спектакль тэатра "Бармаглот", з Беларусі ў Новым Драматычным Тэатры.


24 красавіка, нядзеля


13:00майстар-клас па вулічным тэатры з наступным удзелам у сумесным флэш-мобе! (Kud Ljud, Славенія), Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
13:00майстар-клас па танцы бута Лілі Эмерсан з ЗША адбудзецца ў тэатры беларускай драматургіі.
18:00"Войцэк" Драма тэатра "Марабу" з Германіі ў Новым Драматычным Тэатры.
20:00"Красавіцкае Вядзьмарства", драматычны спектакль тэатра "Д.Е.М.И." з Расіі. Моладзевая праграма ў Новым Драматычным Тэатры.


25 красавіка, панядзелак


13:00майстар-клас па працы з моладзевымі тэатрамі Ціны Юкер з Германіі ў тэатры беларускай драматургіі.
13:00майстар-клас па вулічным тэатры з наступным удзелам у спектаклі "Ўварванне" тэатра Kud Ljud са Славеніі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
15:00круглы стол з дыскусіяй на тэму "Міжнародны эксперыментальны рух. Перспектывы для Беларусі". Галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
17:00"Уварванне" Вулічны спектакль тэатра "Kud Ljud" са Славеніі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
18:00"Маналог" Пластычны спектакль тэатра "Debris company" са Славакіі ў Моладзевым тэатры эстрады.
18:40 – Перфоманс фэсту "Навінкі" ў фае моладзевага тэатра эстрады.
19:00 – Вечар сучаснай харэаграфіі тэатра "Крамзолі" з Беларусі ў Моладзевым тэатры эстрады.

26 красавіка, аўторак


15:00"Часам ідзе дождж" Пластычны спектакль тэатра-студыі "Ронд" з Беларусі ў Тэатры беларускай драматургіі.
16:30"10 хвілін надзеі", Драма тэатра-студыі "Клас-А" з Беларусі. Моладзевая праграма ў гімназіі № 74.
19:00"Не Танцы" Пластычны спектакль "Карняг-тэатра" з Беларусі ў Палацы прафсаюзаў.

Больш падрабязна пра пастаноўкі глядзіце тут

Фота: xlam.of.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі