Дык які ён быў, "Той самы фэст"?

Пра “Той самы фестываль” увогуле можна некалькі хвілін распавядаць выключна лічбамі – 6 дзён, 216 удзельнікаў з 8 краінаў, 6 сцэнічных пляцовак, адзін напаў-санкцыянаваны вулічны флэш-моб і крышку наганяяў ад праваахоўных органаў за “парушэнне парадку”.

Распавядае арганізатар Любоў Жыромская: “Усё вельмі каштоўна было ў “Тым самым фестывалі”. Мы пабачылі 18 спектакляў з такой вялікай колькасці краін. Усе яны прайшлі на “ура”. Залы былі запоўненыя цалкам, не было ніводнай напаўпустой залы”.

Але дзеля каго ўсё гэта?

Удзельніца фэсту Ірына Лукашэнка заўважыла: “У мяне склалася ўражанне, што гэта ўсё было зроблена больш “для сваіх”. Тыя, хто бегаў з пляцоўкі на пляцоўкі – у асноўным, удзельнікі фэсту, і невялікі працэнт людзей, так ці інакш звязаных з тэатрам, мастацтвам, творчасцю”.

Чаму так? Як заўсёды, шмат хто не ведаў (бо не было рэкламы па “целіку”, які, усё ж, глядзіць пераважная большасць людзей), а шмат хто не верыў, што фэст будзе цікавым.

Наведвальніца фэсту Надзея: “У мяне праблема на працы! Я працую кандытарам, і я сказала калегам, што збіраюся на фестываль, у тэатр, а яны мяне запыталі: “І што ты будзеш там рабіць?”. І што мне сказаць такім людзям? Што я буду там рабіць? Сядзець!”

Спахапіліся людзі, нават “далёкія ад тэатраў”, пасля “ружовых касмічных чалавечкаў” (перформансу ад тэатральнай групы са Славеніі), якія не спыніліся на “дазволеным” мінгарвыканкамам дворыку ля Акадэміі Мастацтваў, а пайшлі на праспект катацца на “сотках” і абдымацца з машынамі.

“Я ўпершыню бачыла перформанс, які рабілі прафесіяналы, і як гэта можа быць крута. Гэта не аматары, і гэта вельмі адчуваецца. Як яны працуюць з людзьмі, мімікай”, – дзялілася эмоцыямі пра самыя лепшыя спектаклі арганізатар Маруся Дашук.

Але адна з удзельніц фэсту, Ірына Лукашук заўважыла, што беларускія калектывы таксама былі на ўзроўні:

Ірына Лукашук: “Мне падаецца, клёва, што ў Беларусі такая дзвіжуха пачалася. Нягледзячы нават на тое, што некаторыя госці, якія прыехалі, былі слабейшыя па ўзроўні за беларусаў, напрыклад, за нашы "D.O.Z.SK.I.". Але добра, што ўсе змаглі паглядзець адзін на аднаго, натхніцца, абмяняцца візіткамі”.

Дарэчы, у фестывалю не было спонсараў і падтрымкі. І, ведаеце, гэта нават дадало яму каларыту і… ўнікальнасці. Замежным гасцям давялося жыць не ў гатэлях, а на кватэрах валанцёраў, харчавацца не ў рэстаранах, а дамашнімі баршчамі, і ўвогуле забыцца на ўсялякага кшталту афіцыйныя чыноўніцкія сустрэчы. І ім гэта спадабалася!

Маруся Дашук: “Вельмі прыемна было пачуць падзякі ад нашых гасцей – гэта сталыя людзі, якім за 40, якія прыехалі з Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Польшчы. Яны даўно не былі на такіх фестывалях, дзе няма ніякіх афіцыйных прыёмаў, чыноўнікаў. Яны ўсе жылі на кватэрах у валанцёраў, хадзілі па начах у госці адзін да аднаго… Адным словам, вельмі добра бавілі час. Вельмі добра!”

Валанцёраў, дарэчы, было каля 100 чалавек. Людзі тэатру, мастацтва і проста сябры арганізатараў ахвотна адгукнуліся на просьбу пра дапамогу, і ў фестывалю з’явіліся перакладчыкі, сустракальшчыкі, экскурсаводы.

А вось, каб знайсці пляцоўкі, трэба было “паваяваць”.

Маруся Дашук: “З пляцоўкамі была ўвогуле вельмі вялікая праблема. Нам прыйшлося падладжвацца пад усіх, ніхто не ішоў нам насустрач, усе крывіліся “што яшчэ за фестываль?”, нам даводзілася плаціць арэнду. Толькі Тэатр беларускай драматургіі пайшоў насустрач і даў месца для адкрыцця фэсту і выдзеліў памяшканне для “штабу валанцёраў”. Дзякуй ім за гэта!”

Дык якія вынікі?

Арганізатары, насамрэч, яшчэ ні разу не сустрэліся і не абмеркавалі ўсё тое, што нарабілі ў Мінску за 6 дзён, але адзінае, у чым яны не сумняваюцца, што працяг будзе.

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі