Сяргей Міхалок: "Новы альбом каштаваў мне двух запояў!"

У віцебскай "Энергіі" адбылася прэзентацыя новага альбома гурта "Ляпис Трубецкой" "Весёлые картинки". Гэта чацвёрты канцэрт гурта ў беларускім туры ў падтрымку новага альбома пасля Ліды, Гродна і Брэста. Еўрарадыё не ўпусціла магчымасці аднымі з першых паслухаць новую праграму і накіравалася ў "паўночную сталіцу" следам за носьбітам народнай свабоды Сяргеем Міхалком.



"На разагрэве" у беларускім туры "Ляпісаў" грае брэсцкі гурт "ДАЙ ДАРОГУ!". Іх сэт і распачаў канцэрт. Выступ "Ляпісаў" стартаваў новай песняй "Overture", якая прагучала ў запісе пад відэа-шэраг на экране. Пасля на сцэне з’явіліся і самі музыканты. Публіка прымала новыя песні з энтузіязмам, і падхопліваючы радкі прыпеву, энергічна падпявала "Ляпісам".

Па словах Сяргея Міхалка, новы альбом прынцыпова адрозніваецца ад трох папярэдніх дыскаў "Ляпісаў" —   "Капитала", "Manifestа" і "Культпросвета".

Сяргей Міхалок: "Я магу адразу сказаць гэты альбом крыху камерны і нават інтымны. "Весёлые картинки" каштавалі мне двух запояў. Для мяне гэта вельмі шмат! За апошнія 8 гадоў у мяне было 2 запоі, і гэтыя 2 запоі падчас запісу гэтага альбома. У гэтым альбоме вельмі шмат маіх сноў, маіх успамінаў. Асабіста маіх! Пахаў, адчуванняў, людзей, з якімі я калі-небудзь сустракаўся. Нейкіх перажыванняў. Для мяне гэта ўвогуле НО-ВА-Е".

 

Ужо па традыцыі паміж песнямі Міхалок чытаў вершы ў духу Маякоўскага, звяртаючыся як да творчасці вядомых паэтаў, так і да самага загадкавага "ўдзельніка" канцэртаў "Ляпісаў"Юзіка Кілевіча, ператвараючы іх у своеасаблівыя эпіграфы да кожнай кампазіцыі.

Праграма канцэрту складалася з "рознафарматных" кампазіцый у асноўным трох апошніх альбомаў. "Весёлые картинки" былі прадстаўленыя сямю песнямі з дванаццаці — "Overture" (у якой музыканты заклікаюць уявіць сябе чароўнымі сняжынкамі), "Зевс" (старажытнагрэчаскае фэнтазі пра маральнае людажэрства), "Я верю" (гімн светлай будучыні), "Африка" (ужо вядомы кавер расійскага рэгі-гурта "Комитет Охраны Тепла"), "Грай", "Священный Огонь" і каверам на вядомую "Зоопарк" Ягора Летава, якая таксама ўвайшла ў альбом.

Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася адразу пасля канцэрту, Сяргей падкрэсліў адрозненні ў стварэнні папярэдняга альбома "Культпросвет" і працы над дыскам "Весёлые картинки".

Сяргей Міхалок: "Як перадаць уздыхі? Як перадаць, ну не ведаю, святло з вакна палаты шпіталя? Усе гэтыя рэчы, якія я начыста абрубаў падчас стварэння агіт-попа. Агіт-поп гэта мануфактурная праца. Гэта праца, як я яе называю, анарха-сіндыката. У агіт-попе не працаваў адзіночка. Было шмат людзей, каб гэта выглядала маналітам. І нашы, ляпісаўскія, выступы былі маналітнымі.


У гэтым альбоме шмат музычных метафар. Шмат мелодый, шмат гуку. Гэта такі art of noise то бок у ім вельмі шмат гукаў. У "Культпросвете" не было гукаў, у ім былі думкі і ідэі. Каб усё выглядала, нібыта гэта вырублена сякерай. Ніякіх гітарак, нічога не было! Гэта была дакладная канцэптуальная рэч, дзе мы прыбіралі ўсё лішняе эківокі, псіхалагізмы".

 


Амаль усе вакальныя партыі на новым альбоме належаць Міхалку. Падчас адной з новых песень — "Я верю" — другі вакаліст "Ляпісаў" Павел Булатнікаў увогуле сыходзіць са сцэны.

Сяргей Міхалок: "Гэты альбом пачуццёвы. Таму ў гэтым альбоме я ў асноўным спяваю сам. Таму што гэтыя рэчы – не эстафетная палачка. Гэта зусім не азначае, што мы з Паўлам пасварыліся ці што-небудзь такое. У наступным альбоме Павел праспявае 5 ці 6 песень, абяцаю вам.


Тут ёсць гук. Ёсць месца для гука. Вось, напрыклад, песня "Грай" у ёй вельмі шмат гукаў. Ты чуеш гукі купалаўскай ночы, чуеш шоргат чароту. Ты чуеш тое, што прызначаецца толькі табе. Гэта рэчы, якія тычацца гэтага інтымнага, сакральнага свету, свету сноў. У гэтым альбоме менавіта гэтага шмат. Сны, адчуванні, пахі, сентыментальнасць рэчы, якіх ад нас не чакалі".

Ды і ўвогуле, дадае Міхалок, такога альбома ад гурта не чакалі зусім!

Сяргей Міхалок: "Ад нас ужо чакалі такога выразнага "рубілава", алімпійскага. Выразныя сродкі, а не выразныя магчымасці, пераважаюць у гэтым альбоме над дакладнымі ісцінамі і перакананнямі. Я гэты альбом называю альбомам пытанняў, якіх у мяне вельмі шмат. Я хачу быць "почемучкой". Мне 40 гадоў, а я не ведаю амаль што ніводнага адказу, я ўвесь час сумняваюся. І мне не сорамна ў гэтым прызнацца. Я вельмі баюся людзей з перакананнямі".

Віцебскі выступ "Ляпісаў" працягваўся амаль дзве гадзіны. Музыканты праспявалі фінішную "Харэ" і сышлі са сцэны. Але гледачы і не думалі разыходзіцца, і пасля невялічкай паўзы музыканты зноўку з’явіліся на сцэне і выканалі яшчэ тры песні "на біс".

Нагадаем, што новы альбом "Ляпісаў" "Весёлые картинки" выйдзе ў сакавіку, а канцэртныя прэзентацыі ў Мінску адбудуцца 1-га і 2-га красавіка ў клубе "Рэактар".

Фота: Наталля Чаркесава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі