Сяргей Міхалок: У Беларусі ідзе культурны генацыд

У сувязі з адменай мінскіх канцэртаў гурта “Ляпис Трубецкой” Сяргей Міхалок звярнуўся да прыхільнікаў.

“Я хачу сказаць, што слова апалітычны ў сітуацыі з сённяшняй Беларуссю страчвае на дадзены момант усялякі сэнс. Чалавек, які сябе так называе апрыёры становіцца ў адзін шэраг са слугамі сучаснага беларускага рэжыму.

Я быў у адной мінскай кавярні і бачыў часопіс, у якім быў топ-50 самых паспяховых людзей Беларусі. Сярод іх я не знайшоў ніводнага мастака, драматурга, паэта, гісторыка, навукоўца, мысляра, касманаўта, героя працы. Уся эліта і багема сучаснай Беларусі складаецца з уладальнікаў нейкіх гламурных рэстаранаў, нейкіх уладальніц вясельных салонаў і касметалагічных кабінетаў, дырэктараў буцікаў і два-тры папугаі з беларускага тэлебачання. Атрымліваецца, што наша эліта – гэта натоўп, які скача на шматлікіх рэйвах і шансонных канцэртах, бяздумны мажорны натоўп, які весяліцца. Усё, што звязана са свежымі ідэямі, адкрыццямі, сапраўдным мастацтвам – усё гэта знаходзіцца ў глыбокім андэграўндзе.

У сувязі з гэтым, мне здаецца, што ў Беларусі ідзе нейкі культурны генацыд. Я ведаю, што многія цяпер з'язджаюць на Захад – вучыцца, працаваць, таму што не бачаць перспектыў у краіне. Бо насамрэч ўсе гэтыя чорныя спісы можна працягваць да бясконцасці. Кожны разважны, прыстойны, інтэлігентны чалавек любой прафесіі можа ўносіць сябе ў чорны спіс. Такіх, як мы, проста выжываюць з краіны. Нам не даюць спяваць, іншым не даюць займацца мастацтвам, навукай, бізнесам. І калі ад нас раней патрабавалася маўчанне, то цяпер нас проста выганяюць.

Я хачу парэкамендаваць усім беларусам прачытаць самую галоўную для сучаснай Беларусі кнігу. Яна напісана 50 гадоў таму чалавекам, які ніколі не быў у нашай краіне, але ён вельмі падрабязна яе апісаў. Кніга завецца "1984", аўтар – Джордж Оруэл.

А зараз вернемся да рок-н-ролу. Калі ідэолагі і працаўнікі культуры, афіцыйныя асобы лічаць, што "Ляпис Трубецкой", N.R.M., "Нейра Дзюбель", Naka, Вайцюшкевіч нявартыя высокага звання рок-музыкі, то няхай яны па метадзе "Фабрыкі зорак" набяруць з ліку БРСМ-актывістаў самадзейных талентаў, апрануць іх у скураныя строі па ўзоры галоўнага рокера нашай краіны Дзядзі Вані. Няхай выдатныя кампазітары Алег Елісеенкаў, Макс Алейнікаў і іншыя напішуць ім рок-песні, паставяць ім дзіва-светламузыку, якую я бачыў на розных афіцыйных мерапрыемствах, а потым з дапамогай дубінак і электрашокераў заганяюць на гэтыя канцэрты моладзь. Таму што ўсе гэтыя афіцыёзныя мерапрыемствы і бясплатна нікому не патрэбныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі