Сведка: "З машыны выбеглі двое ДАІшнікаў і пачалі біць кіроўцу па галаве"

Студэнт абвінавачвае супрацоўнікаў ДАІ ў тым, што яго збілі. Медыкі зафіксавалі пабоі, але пракуратура распачаць крымінальную справу адмовілася.
20-гадовы студэнт БНТУ Андрэй Кухараў ужо больш за тры месяцы спрабуе прыцягнуць да адказнасці двух магілёўскіх супрацоўнікаў ДАІ, якія, па словах маладзёна, жорстка яго збілі. 
У ноч з 12 на 13 чэрвеня Андрэй разам з магілёўскімі сябрамі вярталіся дамоў. Іх Фольксфаген выязджаў на галоўную дарогу – праспект Пушкіна. Нечакана аўтамібль "Аўдзі", які ехаў па праспекце, павярнуў і ледзь не падбіў Андрэя.
"Калі мы выязджалі з кармашка, яны не паказваючы паварот звярнулі, рэзанулі нас і спыніліся. Я паказаў жэстам у акно, што так не робяць, і мы паехалі. Потым ужо заўважылі, што гэта машына нас пераследуе, і калі яны выехалі на сустрэчную паласу і пачалі нас абганяць, я пабачыў, як з іх акна высунулася рука з пісталетам", – распавядае сябар Андрэя, які сядзеў на заднім сядзенні.
Аўтамабіль "Аўдзі А-6" ад звычайных аўто, што ездзяць па горадзе, адрознівала толькі затанаванае шкло, таму хлопцы не маглі пабачыць, што ў ім едуць супрацоўнікі ДАІ, кажа Андрэй Кухараў:
"Яны хацелі нас абагнаць па сустрэчнай, каб рэзануць. Мы едзем далей, Віця кажа: Андрэй у іх пісталет. Ён сапраўды спужаўся вельмі моцна, у гістэрыцы проста быў. Усе спужаліся, я сказаў, каб званілі 102".
Але у выніку вырашылі, што трэба ехаць дадому ў вёску Кадзіна і званіць усім знаёмым, каб падышлі сустрэлі.
"Мы пад'ехалі да кавярні, там было светла, і мы спыніліся. Людзей там было чалавек 50", – працягвае Андрэй.
Па словах маладзёнаў, аўтамабіль Аўдзі спыніўся на перарэз, адтуль выбеглі двое інспектараў, а таксама кіроўца і ўладальнік аўто, які аказаўся добраахвотным дружыннікам. 
"З машыны выбеглі двое ДАІшнікаў, – расказвае сябра Андрэя, які таксама быў у машыне. – Адзін адразу адчыніў дзверы кіроўцы і пачаў біць па галаве. Яны былі без фуражак, камізэлек і бэджыкаў".
Потым Андрэя выцягнулі з машыны, нічога не патлумачылі і апранулі наручнікі. Пазней, калі прыехаў аўтамабіль ДАІ, яго адвезлі ў аддзяленне і на медыцынскую экспертызу.
"Прыбор паказаў што я цвярозы, таксама ён паказаў, што цвярозыя двое інспектараў і кіроўца "Аўдзі", у якога нават не было з сабой ніякіх дакументаў, – сцвярджае Андрэй. – Я запатрабаваў, каб мы ўсе здавалі кроў, але яны адмовіліся. Сказалі, што гэта каштуе грошы, мы нават прапанавалі ўсё аплаціць, але яны адмовіліся".
Адразу ж на наступны дзень Андрэй Кухараў напісаў заяву ў пракуратуру і звярнуўся ў 1-ю гарадскую бальніцу, дзе зафіксавалі пабоі.
У супрацоўнікаў магілёўскага ДАІ свая версія, згодна з якой яны заступілі на службу а 18-й гадзіне па плане.
Каля 00.30 яны ехалі па праспекце Пушкіна на аўтамабілі добраахвотнага дружынніка Каравацкага А.С. "Аўдзі А-6". Потым супрацоўнікі ДАІ заўважылі аўтамабіль "Фальксваген - Шаран", які рухаўся па паралельнай дарозе. Інспектары вырашылі, што кіроўца п'яны, бо аўтамабіль рухаўся з хуткасцю большай за 60 км за гадзіну, і з адчыненых вокнаў гучала музыка. Тады на выездзе з паралельнай дарогі на праспект Пушкіна побач з прыпынкам інспектар у форме жэзлам паспрабаваў спыніць машыну. Калі ж кіроўца не спыніўся, то супрацоўнікі ДАІ ўжо на машыне пачалі пераслед.

1 – так ехаў аўтамабіль "Аўдзі" у якім сядзелі ДАІшнікі
2 – з гэтага паварота выяжджаў "Фальксваген"
На скрыжаванні а "А" першы аўтамабіль падрэзаў другі (па версіі ДАІ там науспраць каля прыпынка яны паспрабавалі спыніць аўто. Як інспектар паспеў выйсці з "Аўдзі", куды яна потым падзелася і як ён зноў аказаўся ўнутры машыны, каб працягнуць пагоню, у дакументах не ўдакладняецца)
На скрыжаванні "В" "Фальксваген" павярнуў на Габраўскую, дзе пасажыры заўважылі, што іх пераследуе "Аўдзі"
Еўрарадыё пацікавілася ў стваральніка сайта Стоп-ДАІ Аляксандра Старыкевіча, якім чынам супрацоўнікі ДАІ павінны спыняць аўтамабіль.
"Як трэба спыняць аўтамабілі: зразумелым для кіроўца жэстам, чалавек які стаіць ў края дарогі, апрануты ў форменную вопратку супрацоўніка міліцыі, калі гэта ДАІшнік – то жэзлам. У начны час за межамі горада павінны быць чырвоныя мігалкі, калі ён спыняе з машыны, то СГУ (гучнагаварыцель) і чырвоныя мігалкі. А з машыны ён не можа падаваць сігнал аб спыненні, ён павінен выйсці з яе і стаяць на праезнай частцы".
Між тым, пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу. 
"Некаторых сведак не апыталі, а іншых пачалі апытваць толькі праз 2 месяцы, калі шматлікія падрабязнасці ўжо падзабыліся, – кажа Андрэй. – Хлопцы былі цвярозыя ў тую ноч, бо за мной на 3-х машынах потым ездзілі ў ДАІ і экспертызу, але нешта ўжо дакладна ўзгадаць не змаглі. Людзі з вуліцы маглі бачыць, як махалі рукамі. Тыя, хто сядзеў у машыне бачылі ўдары, але іх паказанні праігнаравалі".
Не прынялі да ўвагі ў пракуратуры і зафіксаваныя пабоі.
Усё адбывалася ў ноч з 12 на 13, а пабоі былі знятыя 14-га
Андрэю Кухараву вынеслі папярэджанне і штраф 105 тысяч рублёў за тое, што адмовіўся спыніцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ.
"Я мог бы проста заплаціць штраф, але я нічога не парушаў, а мяне збілі і абвінавацілі у парушэнні, хочацца дабіцца праўды, каб з мяне знялі абвінавачванні. Я калі ў пракуратуры быў, мне сказалі, а вы не баіцеся, што вас потым на кожным куце спыняць за гэта".
Пасля таго, як мясцовая пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу, Андрэй накіраваў заяву ў Генеральную пракуратуру, але адтуль яе пераслалі назад у Магілёў. Калі ўжо быў падрыхтаваны матэрыял стала вядома, што магілёўская абласная пракуратура адмяніла сваё папярэдняе рашэнне і накіравала справу на перагляд.
Фота: www.interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі