Суд дазволіў аднаму з абвінавачаных у тэракце спатканне з маці

Перад судом над Уладам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым, якіх абвінавачваюць у здзяйсненні тэракта ў мінскім метро, маці Кавалёва дазволілі спатканне з сынам. Еўрарадыё даведалася, як прайшло спатканне.


"Праўда, кароценькае вельмі спатканне далі. Я не ведала, што пятніца у іх кароткі дзень у СІЗА. Мне спачатку далі няправільную інфармацыю. Калі сакратар суда пазваніла, сказала, што з 12 да гадзіны там абед. Але абед там з гадзіны да дзвюх. Так я згубіла гадзіну, потым яшчэ 40 хвілін, пакуль яго прывядуць, пасля 10 хвілін на афармленне папераў. Мне далі з ім паўгадзіны пагаварыць, а калі так, па добраму, то тры гадзіны можна было б".


Размаўляць пра акалічнасці крымінальнай справы і тое, што адбывалася ў момант затрымання і пасля, не дазволілі. Таму гаварылі пра асабістыя справы.


"Справа ў тым, што мы размаўлялі праз тэлефон, нас слухалі. Мы пагаварылі аб хатнім сваім. Мне падаецца, што я паўгадзіны нават не прасядзела. Занадта хутка мінуў гэты час. А можа проста праляцеў незаўважна. Але ён трымаўся, і я таксама старалася не расплакацца. Пры мне ён трымаўся нармальна. Зараз выглядае нядрэнна. Як казаў наш адвакат, у параўнанні з тым, калі допыты былі, ён стаў выглядаць лепей".


Суд над Канавалавы і Кавалёвым пачнецца у чацвер 15 верасня. Працэс будзе адкрытым. Але пазвалі шмат сведкаў з Віцебска, таму маці Кавалёва, Любоў Іванаўна пойдзе на працэс у агульнай чарзе.


"Мне сказалі, што на суд можна трапіць па жывой чарзе і туды трэба прыходзіць загадзя, каб трапіць на суд. Адмыслова мяне туды ніхто пускаць не будзе. Але я б сваё месца на судзе саступіла журналісту з незалежнай прэсы, ці юрысту. Бо ад мяне там карысці не будзе ніякай. Што я там буду сядзець і плакаць?"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі