Твітэр: “Спяваць пра тое, як любіш сваю краіну — сацыяльны суіцыд”

14 траўня Беларусь чарговы раз не трапіла ў фінал “Еўрабачання”. З 19 паўфіналістаў Еўропа выбрала 10, і сярод іх — ніводнай Анастасіі Віннікавай. Тым не менш, беларуская спявачка здолела прыцянгуць да сябе ўвагу ўсёй Еўропы.

“Bark-bark #Belarus got it deep inside” (“Гаў-гаў Беларусь! Запомніў гэта на ўсё жыццё…”), — кпілі ў “Твітэры” тыя, каму выступ беларускай канкурсанткі не спадабаўся.

“Калі #Belarus не пройдзе ў фінал, гэта будзе яшчэ адным сведчаннем таго, што заходні імперыялізм цісне на малыя дзяржавы!” — абураліся іншыя.

Слова Belarus з # наперадзе азначае хэш-тэг — спосаб згрупаваць усе паведамленні, датычныя адной тэмы, у адну вялікую стужку навінаў, якая называецца трэндам. Трэнды Belarus і Wit-Rusland (гэта “Беларусь” па-галандску) увечары 12 траўня трапілі ў 10 самых запатрабаваных у свеце: настолькі цікавым падалася карыстальнікам “Твітэра” песня Анастасіі Віннікавай.

“Беларусь трапляе ў трэнды толькі падчас катастрофаў. Спачатку выбух у мінскім метро, цяпер жахлівы выступ Віннікавай…” — з сумам пісалі пра цікавасць да нашай краіны беларускія “твітэрчукі”. “Наступны раз Беларусь будзе ў трэндах, калі адменяць чэмпіянат свету 2014 па хакеі”.

Цікава, што ў асобных краінах — у Швецыі і ў Ірландыі — Беларусь дагэтуль [12:00 13 траўня] знаходзіцца сярод самых запатрабаваных трэндаў.

На жаль, статыстыкі, якая б дазволіла сказаць, колькі менавіта разоў карыстальнікі “Твітэра” згадалі Беларусь, няма. Паводле прыблізных падлікаў, каб трапіць у “топ”, трэба, каб згадка пра нашую краіну сустрэлася ў мікраблогах не менш за 80 тысяч разоў.

У Беларусі ж сёння толькі каля 17 тысяч карыстальнікаў “Твітэра”, з якіх актыўных — не больш за 5% (каля 1 тысячы чалавек). Шмат хто з іх станоўчы прыём Віннікавай у Еўропе ўспрыняў як абразу і паспяшаўся ўказаць еўрапейцам на іх памылку:

“Калі вы падтрымліваеца Беларусь на “Еўрабачанні” — вы падтрымліваеце прапаганду дыктатуры!” — пісалі з Беларусі.

“Сам Лукашэнка ў Еўрасаюз уехаць не можа… Таму ён вырашыў паслаць на “Еўрабачанне” свой голас”, — адгукаліся “свядўомыя” еўрапейцы.

Зрэшты, у Еўропе сыйшліся на тым, што “спяваць пра тое, як любіш сваю краіну — сацыяльны суіцыд”. Твіт з гэтай думкай шырока разыйшоўся па мікраблогах.

Тым часам Ірландыя, Данія і шведскі спявак Эрык Саадэ, якія ўвечары 12 траўня складалі Беларусі кампанію ў топе “Твітэра”, выйшлі ў фінал “Еўрабачання”. Каля апоўначы, калі было абвешчана, што беларуская дэлегацыя збірае валізкі і едзе дадому, “Твітэр” прапанаваў беларусам выйсці на галоўную плошчу Дзюсельдорфа. Маўляў, такіх вынікаў галасавання мы не прызнаем ніколі!

“Насамрэч “I love Belarus” набрала 80% галасоў, але казлы сфальсіфікавалі вынікі”, — жартаваў “Твітэр”. Асабліва дасціпныя шкадавалі, што на “Еўрабачанні” няма датэрміновага галасавання.

Тым часам еўрапейцы шчыра спачувалі Віннікавай. “Ці папрасіла яна палітычнага прытулку?” — пыталіся тыя, каго непакоіў лёс спявачкі пасля няўдачы ў Дзюсельдорфе. “Твітэр” поўны спачування беларусам, — падсумаваў уражанні ад выступа Віннікавай карыстальнік Dank Ennedy. — Не ведаю, наколькі добра вы знаёмыя з тым, што адбываецца ў Беларусі. Але “Еўрабачанне” — гэта самая нязначная з іх праблем”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі