Складанку "Гранж:by" будуць прэзентаваць некалькі разоў

111216 Malina Grunge.mp3

Адразу пасля навагодніх святаў канцэртнае жыццё нашай сталіцы знікае, як выпаленае цмокам. Калі нехта недатусаваўся да святаў і падчас іх, то выправіць гэта можна будзе ўжо толькі бліжэй да вясны. Такая сітуацыя стала традыцыяй, як і неверагодная колькасць канцэртаў напярэдадні Новага года. І не рэдка такое бывае, калі ў адзін дзень, як, напрыклад, у чацвер 15 снежня, праходзіць адразу некалькі канцэртаў, накіраваных на прыблізна аднолькавую аўдыторыю. Карацей, тлусты атрымаўся чацвер!

На жаль, з-за такой колькасці мерапрыемстваў на прэзентацыю складанкі "Гранж:by" у Doodah King Bar прыйшло не шмат наведвальнікаў. Але гэта былі сапраўдныя фанаты беларуска гранжу, якія з першых жа песень першага ж гурта Remissia ламануліся пад сцэну і пачалі адрывацца. Складанка ўключае 19 трэкаў гранж-гуртоў з усёй краіны, але на прэзентацыі выступіла толькі шэсць.

"Усіх уключыць у канцэрт вельмі складана і фізічна немагчыма. Таму мы вырашылі запрасіць які-небудзь гурт з іншага горада, а таксама гурты з Мінска, – тлумачыць адбор музыкаў адзін са стваральнікаў дыска і лідар гурта Karavan Аляксей Бразгоўка. – Не выключаю, што ў студзені-лютым будзе яшчэ адна, так бы мовіць, рэпрэзентацыя гэтага дыску, дзе выступяць іншыя каманды. Напрыклад, мы спадзяемся, што будуць 2Morrow2Late, "Мутнае вока", Avias, а таксама плануем запрасіць гурт з Брэста "Объект" і гурт з Гомеля Koda G9".

Гэтым разам прэзентавалі дыск гурты Karavan, Happy Face, Remissia, "Голая манашка", Eihelstraat ды Jim Win. Дарэчы, ужо ў суботу 17 снежня складанка "Гранж:by" будзе прадстаўленая ў Маладзечне. Там выступяць тыя ж Karavan ды Happy Face, а таксама мясцовы гурт Carlos Saint ды гамельчукі Glofira.

"Падобныя складанкі на постсавецкай прасторы выходзяць штогод, а ў нас такой падзеі увогуле ніколі не было, – працягвае распавядаць пра праект Аляксей Бразгоўка. – Таму не выключаю, што будзе і другая складанка "Гранж:by", а можа мы здолеем выдаць складанку, напрыклад, "Гранж СНД". Ніхто гэтым не займаўся. Мне падаецца, у гэтым ёсць нейкая моц, і ў той жа час гэта б аб'яднала яшчэ большую колькасць людзей".

Нагадаем, што зараз вядзецца праца над дакументальным фільмам "Гранж. Время рвать", у здымках якога бралі ўдзел лепшыя гранж-гурты краіны, а, так бы мовіць, погляд з боку агучвалі Аляксандр Памідораў, Піт Паўлаў ды Аляксандр Кулінковіч.

"Некаторых яшчэ не адздымаў, каб ахапіць усю Беларусь, хочацца з'ездзіць і ў Брэст, і ў Гомель, – распавядае пра фільм, кароткая версія якога ўжо з'явілася ў інтэрнэце, яго рэжысёр Іван Луччы. – Я спадзяюся, з'явіцца Алег Клімаў, бо ў канцы 90-х ён вельмі шмат пісаў пра гранж. Я вырашыў узяць інтэрв'ю ў Лявона Вольскага. Ну, і яшчэ некалькі чалавек ёсць, але пакуль з імі ніякіх размоваў не было".

Кароткі варыянт фільма можна паглядзець на сайце youtube.com. А поўнафарматная стужка з'явіцца зімой наступнага года. Складанку ж "Гранж:by" можна набыць падчас канцэртаў-прэзентацый дыску, а ў хуткім часе ён з'явіца і ў свабодным доступе ў інтэрнэце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі