Шведскіх мядзведзікаў дашлюць беларускім чыноўнікам з “чорнага спіса” ЕС

Праваабарончая
арганізацыя Östgruppen збірае па ўсёй
Швецыі плюшавых мядзведзікаў, каб іх “легальна” адправіць у Беларусь. Цацкі здаюць
людзі, якія неабыякава ставяцца да сітуацыі ў нашай краіне. У адрозненне ад “плюшавага дэсанта”, гэтым разам
мядзведзікаў адправяць поштай. А атрымаюць іх беларускія чыноўнікі з “чорнага
спісу” ЕС.
Старшыня Östgruppen Марцін Угла спадзяецца,
што ў такім выпадку беларускія ўлады не змогуць прычапіцца да “незаконнага
перасячэння мяжы”.
Марцін
Угла: “Не
памятаю дакладна, у “чорным спісе” ЕС, здаецца, 240 чалавек. Праўда, некаторыя
з іх ужо не займаюць сваіх ранейшых пасадаў, таму складана было знайсці адрасы
ўсіх. Але я думаю, што адправім каля 200 мядзведзікаў. Яшчэ гэта будзе залежаць
ад таго, колькі людзей прынясуць сваіх мядзведзікаў”.
Цацкі атрымаюць нават тыя чыноўнікі, якія ўжо не займаюць сваіх ранейшых пасад, але з нейкіх прычынаў
трапілі ў “чорны спіс”.
Марцін Угла: “Перадусім шукалі адрасы праз
інтэрнет. Мы, зразумела, будзем адсылаць на працоўныя адрасы”.
Еўрарадыё: То бок гэта можа быць Адміністрацыя прэзідэнта
альбо міністэрствы?
Марцін Угла: “Так. І хто працуе ў рэгіёне, ужо
знайшлі адпаведны адрас, напрыклад у Віцебску ці Брэсце. Мы стараліся як мага
падрабязней знайсці адрасы, каб не было лішніх складанасцяў у “Белпошты”.
Еўрарадыё звярнулася да
Томаса Мазэці — пілота самалёта з
“плюшавым дэсантам”. Пра акцыю ён чуў. Але, згодна са словамі шведа, супрацоўніцтва
Total Studio ніхто
не прапаноўваў.
Томас Мазэці: “Я думаю, што яны робяць добрую
справу ва ўсіх сэнсах. Давайце паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Але ў
прынцыпе шмат людзей робяць нейкія акцыі ў падтрымку Беларусі”.
Ці будзе Total Studio неяк
працягваць акцыі з мішкамі і змагацца за дэмакратыю ў Беларусі? Гэтае пытанне Томас Мазэці не каментуе. Кажа, што
прадстаўнікі агенцтва ўвогуле пазбягаюць кантактаў з кім-небудзь з Беларусі. З
той жа прычыны швед не можа да канца распавесці, чым Total Studio займаецца цяпер. Але і так вядома, што агенцтва “па
прыколе” паўдзельнічала ў амерыканскіх выбарах, стварыўшы за дзень да галасавання
“Шведскую партыю”.
“Гэта быў толькі жарт. Але думаю, што добры. Таму што
краіны змаглі пабачыць адзін аднаго з боку і чамусьці навучыцца. Маю на ўвазе,
што ёсць нешта добрае ў Швецыі, таксама ёсць нешта добрае і ў Амерыцы. Я думаю,
што часам добра крыху пасмяяцца з ЗША, бо яны лічаць сябе найлепшымі ў свеце”, —
тлумачыць ідэю Томас Мазэці. І вяртаецца да “плюшавага дэсанта”, гаворачы, што
гэта была галоўная акцыя года ў сэнсе затрачанага на яе часу. А вось грошай на
ёй не зарабілі.
Цікава ўзгадаць, што,
згодна з дадзенымі незалежнага сацыялагічнага цэнтра НІСЭПД, амаль 32%
беларусаў скандальны “плюшавы дэсант” назвалі “дурным учынкам”. А яшчэ столькі
ж увогуле нічога пра яго не чулі.
Фота: bnp.by
--> --> -->
--> --> -->
--> --> -->
--> --> -->