Шушкевіч: Дэкларацыю аб незалежнасці прапанаваў прыняць ЦК КПБ

Паслухаць размову са Станіславам Шушкевічам цалкам:

6u6yk.mp3

Еўрарадыё: 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце. Але канстытуцыйную моц надалі ёй толькі падчас надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета ў жніўні 1991 года. Чаму такая доўгая паўза атрымалася?


Станіслаў Шушкевіч: Гэта сапраўды так, але ні ў адной рэспубліцы былога Савецкага Саюза не была такога, каб адразу надаць такому акту канстытуцыйную моц. Бо яны прымалі Дэкларацыі і, арыентуючыся на Дэкларацыю, прымалі Канстытуцыю. Дэкларацыя служыла падставай для прыняцця Канстытуцыі. Але пасля жнівеньскага путчу 1991 года ў нас склалася такая сітуацыя (спрыяльная для надання Дэкларацыі аб незалежнасці канстытуцыйнай моцы. — Еўрарадыё), калі камуністы былі ў стане вялікага страху. І тут адыграла сваю ролю прадчуванне Зянона Пазняка, якое было лепшае  за маё, напрыклад.


А вось само прыняцце Дэкларацыі было даволі цікавым. Таму што прапанова афіцыйная зыходзіла... ад ЦК КПБ! Менавіта ЦК КПБ прапанаваў праект Дэкларацыі з 38 пунктаў, сэнс якіх быў: “усё, што ад цэнтра — добра, а што наша — там паглядзім, як”. Распрацоўвалі свой праект Дэкларацыі і БНФ, але яны не выносілі яе ні разу, яна не прымалася да разгляду Вярхоўным Саветам. Але калі прынялі да разгляду прапанову ЦК КПБ, то тады выкарысталі ўсе перапрацоўкі, якія былі ў Беларускага Народнага Фронту, і прыватныя напрацоўкі. І мы стварылі дзве камісіі. У мяне быў палітычны аспект, і працавалі, дарэчы, у маёй камісіі адпетыя камуністы, такія як Малафееў (Анатоль Малафееў — 1-ы сакратар ЦК КПБ, дэпутат ВС СССР), Лявонаў (Васіль Лявонаў — 1-ы сакратар Магілёўскага абкама партыі). І мы за пару дзён выпрацавалі гэтую Дэкларацыю. Калі я сёння гляджу на гэты дакумент, гэта адзін з 15 дакументаў, выпрацаваных рэспублікамі Савецкага Саюза, то наш дакумент — ён добры! Хаця, шчыра вам скажу, гэта быў сімвал. Бо карыстацца гэтым цяжка.


Еўрарадыё: І прынялі ў выніку на сесіі ў 1991 годзе ваш варыянт Дэкларацыі?


Станіслаў Шушкевіч: Так, зразумела! А які ж іншы?! Камуністы ад пачатку прапанавалі 38 артыкулаў — які ж гэта варыянт? А мы выпрацавалі сціслыя 12 артыкулаў — гэта абсалютна непараўнальна. Дарэчы, Зянон выступіў супраць. Ён выступіў супраць пункта, дзе было напісана, што мы будзем працаваць над новай саюзнай дамовай. Але выключыць гэты пункт было немагчыма пры тым Вярхоўным Савеце.


Еўрарадыё: Ці ўвашло хоць што-небудзь у канчатковы варыянт Дэкларацыі з таго, што прапанаваў БНФ?


Станіслаў Шушкевіч: Практычна, ні з камуністычнага, ні з бэнээфаўскага варыянтаў ніводнага сказу не ўвайшло. Але дух, накіраванасць на тое, што будзе незалежная краіна, панаваў бэнээфаўскі.


Еўрарадыё: За надаванне Дэкларацыі аб незалежнасці канстытуцыйнай моцы Вярхоўны Савет прагаласаваў аднагалосна. Вас гэтая аднагалоснасць здзівіла?


Станіслаў Шушкевіч: Не асабліва. Там былі такія пункты, якія дазвалялі думаць, што нічога не мяняецца. Да ўсяго, палітычная свядомасць была не такой ужо высокай: ну, што ж — Дэкларацыю аб незалежнасці і іншыя рэспублікі прынялі! Заўважце, Беларусь дзясятай прымала Дэкларацыю аб незалежнасці, калі храналагічна ўзяць. Да гэтага ўжо 9 рэспублік прынялі і 8-я была Расійская Федэрацыя. Так што, проста лагічна было прымаць і нам. Да ўсяго казалі: “Калі сумняваецеся — паглядзіце. У нас больш разумная, больш карэктная. Былі ж Дэкларацыі і 6-7 старонак — цэлы трактат, былі вельмі кароткія Дэкларацыі — Літва, Латвія, Эстонія, і была вельмі жорсткая — Грузія.


Еўрарадыё: А ці была сітуацыя, калі Анатоля Малафеева, не пусцілі на трыбуну да мікрафона, калі ішло абмеркаванне Дэкларацыі?


Станіслаў Шушкевіч: Я памятаю гэты факт. Але тое, што Малафееў ніяк не паўплываў на змест Дэкларацыі, хаця ён удзельнічаў у працы над ёй у камісіі, якую я ўзначальваў, гэта дакладна. Мы выпрацавалі 5 першых пунктаў Дэкларацыі. Прабачце за нясціпласць, але гэта — мае 5 пунктаў! І я думаю, што яны ўсё вызначаюць.


Еўрарадыё: Калі глядзець па галасаванні, то Лукашэнка “адсутнічаў”…


Станіслаў Шушкевіч: Я пра гэта не ведаю. Я толькі ведаю, што ён не галасаваў па ратыфікацыі “Белавежскага пагаднення”. А там… Ну, хто звяртаў увагу на Лукашэнку тады? Што гэта было такое? Гэта пасля прыдумалі яго. Я, да прыкладу, не звяртаў увагу на яго і не сачыў, толькі ведаў, што такі ёсць.


Еўрарадыё: Можа ў дзень таго галасавання вы хоць краем вока заўважылі — ці быў ён у зале?


Станіслаў Шушкевіч: Не. Не заўважыў. Я і не глядзеў, хто там быў.


Еўрарадыё: Як сёння вы ацэньваеце факт надавання канстытуцыйнасці гэтай Дэкларацыі?


Станіслаў Шушкевіч: Проста Дэкларацыя — гэта заява аб намерах. Але надаванне ёй канстытуцыйнасці — гэта азначае, што калі нейкі закон уступае ў супярэчнасць з Дэкларацыяй, якая мае моц канстытуцыйнага закона, то дзейнічае Дэкларацыя. Карыстацца гэтай Дэкларацыяй як законам было вельмі цяжка, але гэта быў цудоўны сімвал. У гэтай падзеі, у гэтым прыняцці эмоцыі БНФ адыгралі вельмі важкую ролю. Да ўсяго, я ніколі не мог падумаць, што камуністы такія баязлівыя — яны ўсе за гэта прагаласавалі. Я не чакаў, што такі будзе эфект. Гэта трэба было канстытуцыйнай большасцю прыняць. Дзякуючы іх перапуду і прынялі.


Еўрарадыё: Ці быў такі момант, што перад галасаваннем па незалежнасці Шушкевіч выказаў сумнеў у тым, што ўдасца набраць канстытуцыйную большасць?


Станіслаў Шушкевіч: Гэта праўда. Я не выказаў гэта ў голас, але пры абмеркаванні я сказаў, што не думаю, што ўсе камуністы падтрымаюць гэты закон. І для мяне стала адкрыццём тое, што больш палахлівай хеўры, чым камуністычная, няма.


Еўрарадыё: Набыла гэта Дэкларацыя канстытуцыйную моц — і што змянілася ў краіне?


Станіслаў Шушкевіч: Нічога. Не ўзнікла такая супярэчнасць, каб дзе-небудзь імкнуліся прымяніць закон і тут сказалі б: “Не, прабачце, гэты закон пярэчыць гэтай Дэкларацыі”. Гэтага я не памятаю, гэтага я не ведаю і думаю, што гэтага ніколі не было. Але тое, што гэта быў вельмі моцны сімвал — адназначна.


Еўрарадыё: Падчас сесіі, на якой Дэкларацыі надавалі канстытуцыйную моц, тысячы людзей стаялі на Плошчы Незалежнасці. Ці адбівалася гэта на настроях у Авальнай зале?


Станіслаў Шушкевіч: Мне цяжка сказаць. Ведаеце, на плошчу хадзілі тыя дэпутаты, якім не было чаго рабіць у Вярхоўным Савеце. Праца над заканадаўствам даволі цяжкая. І калі чалавек не мае юрыдычнай адукацыі, ён павінен раіцца, прыцягваць экспертаў. У мяне было так: калі адпраўляецца ў камісіі законапраект, я павінен быў сачыць за тым, каб яго прагледзелі юрысты, прымаць людзей — у мяне не было часу выходзіць на плошчу. А тыя, хто сапраўднай парламенцкай працай не займаўся, мог выходзіць на плошчу. Я не магу сказаць, што гэта было дрэнна — добра. Бо гэта былі вядомыя людзі, але яны працавалі больш на эмоцыях. Яны і засталіся такімі працаўнікамі — на эмоцыях.


Еўрарадыё: Вы займаліся законатворчай працай і не звярталі ўвагу на тое, ці ёсць на плошчы ля парламента людзі?


Станіслаў Шушкевіч: Я ведаў пра гэта, але сам я ў гэтых мітынгах не ўдзельнічаў. Я выходзіў да людзей на плошчу ў красавіку, вялікі быў выхад людзей і ўсе баяліся да іх выйсці. Тады я выйшаў на плошчу, а за мной Мясніковіч — ніхто больш не выйшаў. І мы неяк людзям тлумачылі — што адбываецца. Гэта быў такі момант, калі не выйсці да людзей было нельга. Яшчэ раз я выходзіў на плошчу, калі Кебіч сцягнуў туды войскі, бронетранспарцёры і я пайшоў паглядзець на гэтыя транспарцёры. І пераканаўся, што ў адным ёсць камплект узбраення — і снарады, і патроны. Гэта мяне абурыла, але вэрхал вырашылі не ўзнімаць: адзін атрымаў загад і вось так яго зразумеў. Сказалі: “Вярніцеся ва Уручча, на месца сваёй дыслакацыі”. Два такія ў мяне былі выхады, трэцяга не было.


Еўрарадыё: Мы з 1991 года жывём, маючы “канстытуцыйна моцную” Дэкларацыю аб незалежнасці. На колькі адсоткаў, на ваш погляд, яна выконваецца сёння?


Станіслаў Шушкевіч: Дэкларацыя не павінна выконвацца, бо яна служыла падставай для прыняцца новай Канстытуцыі. І сёння вам будуць спяваць, што пасля гэтага быў рэферэндум, і што Канстытуцыя — найважнейшая, і што свята 3 ліпеня — больш важнае, чым 27 ліпеня. Яшчэ праспяваюць, што ў нас прававая дзяржава. Гэта ж усё знявечана, выдадзена за іншае. І не адзначаецца 27 ліпеня ў краіне як святочны дзень, таму што гэта пярэчыць сённяшняму дню. Прачытайце Дэкларацыю — напісанае там пярэчыць таму, што сёння адбываецца.

Фота: http://photo.bymedia.net, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі