"Шукаем супрацоўніка па знаку задыяка Леў, не больш за 90 кілаграм"

На Віцебскую мытню патрабуецца юрыст, з даведкай аб стане здароўя і сярэднім балам вышэй за 7. А калі вы жанчына, то... вышэй за 8!

Як даведалася Еўрарадыё, гэта не пажаданне віцебскіх мытнікаў, а афіцыйная папера за подпісам кіраўніцтва Мытнага камітэта.

У прыватных працадаўцаў часам яшчэ больш дзіўныя патрабаванні!

"Шукаюць па знаку задыяка Льва. Ці каб абавязкова быў не больш за 90 кг. Бывае наадварот — кажуць, нам толькі не Льва, бо ў нас былі тры чалавекі на гэтай пасадзе Львы і гэта жудасна, мы больш іх не хочам", — распавядаюць Еўрарадыё ў кадравым агенцтве.

У агенцтве гавораць пра такое ўстойлівае меркаванне: самыя лепшыя бухгалтары — Шалі. Да таго ж на гэтую пасаду звычайна бяруць жанчын.

"У цэлым тут ёсць праўда, што жанчыны больш педантычныя, скрупулёзныя, патрабавальныя, дбайныя ў працы. Перавагу ў большасці кіруючых вакансій аддаюць мужчынам. Мужчынскі шавінізм у кіраўніцкім сектары заўсёды быў", — распавядае намеснік дырэктара кадравага агенцтва Людміла Снегірова.

Да жанчын ёсць яшчэ асаблівыя патрабаванні. Напрыклад, па ўзросце. Цяпер, калі шукаюць на працу жанчыну, патрабуюць, каб узрост быў ад 30 да 35. Раней шукалі на 5 год маладзейшых. І важна, калі жанчына замужам, каб была з двума дзецьмі.

А яшчэ заказчыкі хочуць, каб кандыдат па змоўчванні быў згодны ў іх працаваць, інакш не хочуць губляць час на сумоўе. Хаця пасля апошніх падзей у эканоміцы дыскрымінацыі менш: недахоп кадраў, "засталіся, як на вайне — толькі старыя і дзеці":

"Ну а якая зараз няроўнасць? Усе мужчыны з'ехалі ў Расію, адны жанчыны засталіся, як на вайне, старыя і дзеці. Таму роўнасць-няроўнасць, усіх вымушаныя браць", — распавядаюць у агенцтве.

Пра меркаванне, што жанчыны лепш працуюць і менш просяць за сваю працу, гавораць амаль у кожным кадравым агенцтве. У замежных кампаній такой дурноты няма.

"У нас, у асноўным, кліенты — буйныя замежныя фірмы, — гавораць у прадстаўніцтве "Анкор-М". — У іх парадак у галаве і такіх жахаў няма, якія ўласцівыя беларускім і расійскім кампаніям. Нават афіцыйна, кажуць, што нам усё роўна, хто будзе — мужчына ці жанчына, узрост таксама не абмяжоўваць. Было шмат гісторый, калі хацелі хлопца, а ўзялі дзяўчыну, хацелі памаладзей, а ўзялі самага старэйшага з прэтэндэнтаў. Была гісторыя, калі шукалі кандыдата, ўзялі на працу, а праз месяц там было вяселле".

Забабоны бываюць і ў замежных кліентаў. Нехта не можа працаваць з людзьмі, у якіх... карыя вочы, і зусім не можа мець справаў са знакамі задыяку стыхіі Агонь.

"Ёсць кампаніі, дзе ў асноўных акцыянераў свае астролагі, якія на фіналістаў складаюць гараскопы: вось гэты кандыдат паводле фэн-шую нам падыходзіць, а гэты — не".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі