Саўдзельнік забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай асуджаны на 11 гадоў
Калоніі строгага рэжыму. Такі прысуд былому міліцыянту Дзмітрыю Паўлючэнкаву вынес маскоўскі гарадскі суд.
43-гадовы Паўлючэнкаў быў прызнаны вінаватым у падрыхтоўцы забойства Ганны Паліткоўскай. Следства прыйшло да высновы, што ён уваходзіў у групу, якая рыхтавала злачынства. 
Нагадаем, журналістка расійскай "Новой газеты" Ганна Паліткоўская была забітая ў ліфце свайго дома ў Маскве 7 кастрычніка 2006 года. Яна была вядомая сваімі смелымі матэрыяламі на тэму парушэння правоў чалавека ў Чачэніі. У той час Дзмітрый Паўлючэнкаў працаваў начальнікам 4-га аддзела аператыўнага ўпраўлення маскоўскай гарадской міліцыі. Паводле следства, забойства замовіў чачэнскі крымінальны аўтарытэт Лом-Алі Гайтукаеў (ён цяпер адбывае 15-гадовы тэрмін па іншай справе), а здзейснілі браты Махмудавы. Усіх іх яшчэ чакае суд.
Як інфармуе Газета.ru, Паўлючэнкаў прызнаў сваю віну і супрацоўнічаў са следствам. Ён сцвярджае, што чачэнскі крымінальны аўтарытэт пагражаў забіць яго сям'ю.
Фота — ИТАР-ТАСС