Салей: Планую гуляць за зборную датуль, пакуль буду гуляць у хакей

Пасля перамогі “Лакаматыва” ў Кубку Латвійскай чыгункі, дзе яраслаўцы ў Рызе абгулялі “Атлант”, мінскае “Дынама” і “Нафтахімік”, не прапусціўшы пры гэтым ніводнай шайбы — абаронца расійскай дружыны і нацыянальнай зборнай Беларусі 36-гадовы Руслан Салей зазірнуў на дзянёк у родны Мінск і сярод іншых сустрэч убачыўся з карэспандэнтам газеты “Прессбол”. Прапануем Вам урывак аднаго з апошніх інтэрв'ю вялікага беларускага хакеіста.

— Руслан, у Яраслаўлі ты ўжо больш за месяц. Прызвычаіўся?

— Паступова прызвычайваюся. Перш за ўсё — да жыццёвага ўкладу, бо трэніроўкі — на лёдзе, ці на зямлі — яны, як той казаў, і ў Афрыцы трэніроўкі. Асноўнае — гэта менталітэт. І хоць я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, таму склад розуму і спосаб мыслення па ідэі павінны быць падобнымі, аднак, пражыўшы ў Злучаных Штатах больш за 15 гадоў, на шматлікія рэчы гляджу інакш. За гэтыя гады я, цалкам натуральна, змяняўся, цяпер даводзіцца змяняцца ў зваротны бок.

 — У прыватнай гутарцы пасля пераходу ў “Лакаматыў” ты казаў, што ў Яраслаўлі плануеш гуляць пад 74-м нумарам, паколькі 24-ы заняты. Пазней на афіцыйным сайце клуба з'явілася інфармацыя, што ў Салея N 42, аднак на турніры ў Швейцарыі на тваім швэдры значылася звыклая воку “дваццацьчацвёрка”. Як праходзіў, вобразна кажучы, працэс перадачы нумара аднаго выхадца Беларусі, Сяргея Астапчука, іншаму — Руслану Салею?

— Ну, ты скажаш! Які яшчэ “працэс перадачы нумара”?! Я проста ветліва звярнуўся да Астапчука з такой просьбай, а Сяргей ласкава пагадзіўся. За гэта я яму шчыра ўдзячны. Спадзяюся, ён на мяне не крыўдзіцца. Сяргей — вельмі добры хлопец, ён мне імпануе і як чалавек, і як хакеіст. Астапчук нарадзіўся ў Наваполацку і выяўляе велізарнае жаданне выступаць за зборную Беларусі. Хочацца верыць, кіраўніцтва нашай федэрацыі зробіць усё магчымае і немагчымае, каб гэты малады і таленавіты нападаючы быў у галоўнай камандзе краіны.

— Новы трэнер зборнай Кары Хейкіля на інаўгурацыйнай прэс-канферэнцыі сказаў, што 8 верасня, калі “Лакаматыў” прыедзе ў Мінск, ён збіраецца абмеркаваць гэту тэму з Астапчуком.

— Я лічу, Сяргей прыйшоўся б нашай зборнай да месца і вельмі дапамог бы нацыянальнай камандзе.

— А што ты думаеш з нагоды прызначэння Хейкіля? І што казалі з гэтай нагоды гульцы “Лакаматыва”, які фін доўгі час трэніраваў?

— Нібыта нічога асаблівага не казалі… Адзінае, я пацікавіўся, які Хейкіля як чалавек і спецыяліст, паколькі з ім ужывую ні разу не бачыўся. Мне распавялі, што Кары — трэнер, які прытрымліваецца ўласнай сістэмы, у якога наладжана строгая дысцыпліна выканання гульцамі прад'яўляных ім патрабаванняў. Прычым гэтаму прынцыпу ён не змяняе на працягу ўсёй трэнерскай кар'еры. Калі ў двух словах, то са сказанага хлопцамі вынікае, што Хейкіля — вельмі патрабавальны і сістэмны спецыяліст. Больш дадаць няма чаго, бо, паўтаруся, мы не знаёмыя.

— Давай уяўна вернемся ў мінулы сезон. Калі не браць да ўвагі тое, што Кубак Стэнлі табе і “Дэтройту” не скарыўся, ці застаўся ты здаволены мінулым хакейным годам?

— На жаль, у плэй-оф мы сустрэліся ўжо ў паўфінале канферэнцыі, не здолеўшы адолець “Сан-Хасэ”. Але ў цэлым мінулым сезонам застаўся задаволены і магу занесці яго сабе ў актыў. Перш за ўсё, таму што апынуўся ў “Дэтройце” і атрымаў неацэнны досвед. Гэта і досвед гульні ў вялікай камандзе, і досвед зносін з людзьмі ў вялікім клубе з найбагацейшымі хакейнымі традыцыямі. Я ўбачыў знутры, як будуецца праца ў “Дэтройт Рэд Уінгз” — адной з лепшых, калі наогул не лепшай, арганізацыі ў НХЛ, а значыць, і ў свеце. Ва ўсякім разе, у тым, што тычыцца хакея.

Я вельмі рад, што апынуўся ў “Дэтройце”, што адчуў усё гэта на ўласнай шкуры і выходзіў на лёд плячом да пляча з сапраўднымі асамі гульні. Як, скажы, я магу быць не задаволены? Адно прыкра: мара выйграць Кубак Стэнлі так, на жаль, марай і засталася… Але ў цэлым, кажу яшчэ раз, удзячны лёсу, што ў мяне атрымалася пагуляць, няхай усяго і сезон, у вялікай камандзе…

Мабыць, гэта быў не наш год… На мой погляд, заваяваць Кубак Стэнлі найбольш складана з усіх камандных трафеяў, якія разыгрываюцца ў Паўночнай Амерыцы . Чаму? Ужо надта яго розыгрыш непрадказальны — Кубак Стэнлі можа дастацца як лепшай дружыне рэгулярнага чэмпіянату, так і калектыву, які заскочыў у плэй-оф у апошні момант.

— Твае словы, што ты, маўляў, не Ягр і ў НХЛ ужо ці наўрад вернешся, мне зусім не спадабаліся. Мае рацыю, хутчэй, Андрэй Сідарэнка, які ў адным з інтэрв'ю сказаў даслоўна наступнае: “Чым Салей горшы за Ягра? Калі Руслан захоча, то, думаю, зможа, як Ярамір, вярнуцца ў НХЛ”. Я таксама спадзяюся, што прынамсі 1000 матчаў у рэгулярных чэмпіянатах самай моцнай хакейнай лігі планеты ты ўсё ж згуляеш.

— Хачу шчыра падзякаваць Андрэю Міхайлавічу за камплімент у мой адрас. Але, як я ўжо казаў, верагоднасць майго вяртання ў НХЛ невялікая. Хоць, не хаваю, хацелася б, каб меркавання, аналагічнага Сідарэнкаваму і твайму, прытрымліваліся некаторыя генеральныя мэнэджары НХЛаўскіх клубаў — тады шанцаў у мяне было б больш. А на сёння, калі яны і засталіся, то іх не многа.

Ды і пра вяртанне ў НХЛ не думаю — цяпер я гулец “Лакаматыва” і на сезон у мяне зусім іншыя задачы: адыграць яго як мага лепш і дапамагчы “Лока” заваяваць Кубак Гагарына.

— Але за зборную Беларусі па-ранейшаму плануеш выступаць?

— Зразумела. Прынамсі датуль, пакуль буду гуляць у хакей і буду патрэбны камандзе. Я заўсёды з задавальненнем выступаў за зборную, а калі ў мяне не атрымлівалася, то па паважлівых прычынах. З радасцю буду прыязджаць у нацыянальную каманду і далей, калі, вядома, мяне запросяць. Але загадваць, колькі гадоў ці турніраў правяду яшчэ пад сцягамі зборнай, не стану. Зараз кожны сезон разглядаю проста як новы і не думаю, што будзе пасля яго завяршэння.

— Па гэтай прычыне ты і склаў працоўную дамову з “Лакаматывам” толькі на год?

— Я першапачаткова сказаў агенту, што пастаўлю подпіс толькі пад гадавым кантрактам. Перш за ўсё таму, што вярнуўся ў расійскі хакей пасля шматгадовага перапынку і, па вялікім рахунку, КХЛаўскай кухні не ведаю: неабходны час, каб усё прачуць, углыбіцца ў сутнасць справы. Зноў жа, раптам я не падыду новай камандзе…

 

— Але прапановы больш доўгатэрміновага супрацоўніцтва былі?

— Так, прапанавалі дзвух- і нават трохгадовы кантракт. Мяне, як гульца, гэта ўсцешыла, і я ўдзячны клубам, якія выходзілі з падобнай прапановай, аднак па прычынах, згаданым вышэй, адразу адмовіўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі