Саксафаніст Apple Tea паспеў звольніцца і вярнуцца ў гурт цягам адной песні

111209 MalinaApple.mp3

“Сёння будзе незвычайны канцэрт", — на самым пачатку імпрэзы са сцэны аб’яўляе Ігар Сацэвіч. І, жартуючы, працягвае — "Мы мала рэпетыравалі. Гэтаму нас навучылі нашыя амерыканскія сябры. Прайшла серыя канцэртаў сумесна з амерыканскімі зоркамі, арганізаваных агенцтвам "Эквілібрыум Артс", калі мы паспявалі рэпетыраваць разам літаральна па 1,5 гадзіны. Гэты канцэрт калядны, таму афіцыйныя святкаванні пачынаюцца непасрэдна цяпер!”

Ігар Сацэвіч

Косця Гарачы


Аляксандр Сапега

Умоўна канцэрт можна было падзяліць на дзве часткі: першая складалася з аўтарскіх кампазіцый Apple Tea. Прычым пераважна новых кампазіцый, якія гучалі ў Мінску ўсяго некалькі разоў, — напрыклад, п’еса, якая пакуль мае ўмоўную назву па даце напісання — "10.10.10." І п’еса "In Yellow Tone" — прысвячэнне гурту Yellowjackets. Ігар Сацэвіч адмыслова адзначае супадзенне назвы п’есы з вядомым джазавым стандартам "In A Mellow Tone".

Другая частка канцэрту складалася з кавероў на песні сусветна вядомых музыкантаў. Так, аўтарскую джазавую інтэрпрэтацыю атрымалі “Soldier of fortune” Deep Purple, “It’s no good” Depeche Mode (абедзве кампазіцыі былі раней выдадзеныя для зборнікаў-трыб’ютаў названым гуртам), вядомая “бітлоўская” "Come together" ды інш. Усе песні загучалі зусім па-іншаму! Настолькі па-іншаму, што Ігар Сацэвіч нават пажартаваў перад пачаткам сэту — маўляў, ці пазнаюць іх пасля гэтага гледачы?

Міша Філіпеня

 

Ігар Люты і Віталь Ямуцееў

Гледачы, вядома, пазналі, і адказалі музыкантам удзячнымі апладысментамі і крыкамі “Брава!”.

Калядная праграма атрымалася па-сапраўднаму цікавай і незвычайнай не толькі для гледачоў, але і для гурта. Часам крыху медытатыўная, адпаведная пачатку снежнай зімы з яе рэфлексіўнымі настроямі і задуменнымі цягучымі мелодыямі. Іх змянялі святочныя, вясёлыя кампазіцыі, поўныя пераднавагодняй радаснай мітусні. Адным словам — у Apple Tea сапраўды атрымалася распачаць калядныя святкаванні.

 

 

Як распавёў Еўрарадыё лідар каманды Ігар Сацэвіч, праграму арыгінальных кавер-версій музыканты адмыслова развучылі, каб не надта стамляць гледачоў аўтарскімі кампазіцыямі:

“Вырашылі сыграць кардынальна нешта іншае, таму што неяк прытаміліся ад таго, што з канцэрта ў канцэрт гралі адное і тое ж, — тлумачыць Ігар Сацэвіч.Вырашылі кардынальна ўсё змяніць, тым больш, што канцэрт быў заяўлены як калядны. Хацелася нечага такога святочнага, лёгкага для ўспрымання. Мучаць аўтарскімі кампазіцыямі часта — гэта жорстка (смяецца). А кавер — гэта тое, што трэба! Спадзяюся, што было цікава, немудрагеліста, па-перадсвяточнаму”.


Скончыўся выступ візітнай карткай гурта — аднайменнай кампазіцыяй Apple Tea, падчас якой з саксафаністам гурта, Ігарам Лютым, адбыўся адзін цікавы казус. Нешта здарылася з ягоным сапрана-саксафонам. Музыкант вымушаны быў некалькі разоў спыняць сваю партыю, бо саксафон не гучаў. Засмучаны Ігар сышоў за кулісы, знайшоў прычыну “няспраўнасці” і ўрачыста выйшаў акурат на сваё сола, выдатна адыграўшы партыю.

“У некаторым сэнсе толькі што адбыўся калядны цуд, — пажартаваў са сцэны Ігар Сацэвіч. — Літаральна за 5 хвілінаў чалавек згубіў працу і зноў быў на яе прыняты”.

 

Фота: Яўген Ерчак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі