Пражытковы мiнiмум для чалавека 743 тысячы, для сабакi ў 1,5 разы больш

120620 Martin Sabaka.mp3

“600 грамаў крупаў. Там два віды – аўсяныя крупы ці проса. Кілаграм субпрадуктаў другой катэгорыі ці 400 грамаў мяса. 300 грамаў гародніны: морква, буракі, бульба, капуста”, - пералічваюць сутачную норму на дарослую аўчарку ў кіналагічным цэнтры ворганаў памежнай службы.

Чалавек, згодна з пражытковым мінімумам у 743 тысячы, харчуецца больш сціпла. За дзень ён можа дазволіць сабе 400 грамаў хлеба, 40 грамаў макаронаў і столькі ж мяса.

“На 1 студзеня і ўтрыманне, і кармленне аднаго сабакі каштавала 39 тысяч”, - агучваюць норму ў кіналагічным цэнтры.

Як паведамляюць Еўрарадыё кінолагі, штомесяц на аднаго сабаку дзяржава выдаткоўвае крыху больш за мільён. А гэта прыкладна ў 1,5 разы больш, чым для чалавека.

Згодна з мінімальным бюджэтам, каб пражыць, чалавеку штомесяц патрэбна 420 тысяч на прадукты, на камуналку – 50 тысяч і яшчэ 160 тысяч, каб апрануцца.

Сабаку апранацца не трэба, камуналку ён таксама не плаціць, але мае больш за мільён на жыццё. І нават больш, чым мінімальны заробак.

“Залежыць ад таго, чым карміць сабаку. Можа быць мільён на месяц, можа – 800 тысяч. Можна нават 400, залежыць ад таго, дзе людзі бяруць прадукты. Асабліва калі сабака патрабуе лячэння”, - расказвае кінолаг Андрэй Шкляеў.

Але мяса для сабакі падбіраюць пагорш.

“У ежу ідуць субпрадукты. Горла, галава, напрыклад. Мяса другой катэгорыі нават можа быць. Відавочна, самы нізкі гатунак. Напрыклад, на поўначы сабак наогул рыбай кормяць. І гэта лепш, чым сухія кармы”, - тлумачыць кінолаг Андрэй Шкляеў.

Калі паглядзець у краме, прадукты, выдаткаваныя на сабаку дзяржавай, зацягнуць на 30 тысяч! То бок штомесяц толькі на ежу пойдзе каля 900 тысяч, калі купляць ежу для свайго гадаванца ў сталічнай краме.

Дарэчы, купіць у памежнікаў  сабачку можна. Аўчарка будзе каштаваць ад 300 тысяч да 2 мільёнаў. Жадаючых столькі, што сабак не хапае, скардзяцца памежнікі.

Добрае ўтрыманне сабак сапраўды заслугоўвае павагі, бо служба ў іх ня з лёгкіх. А вось распрацоўшчыкам бюджэта пражытковага мінімума варта было б задумацца.

Фота: kharkov-online.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі