С. Эрыксан: Людзей даводзіцца пераконваць, што варта прыехаць у Беларусь

У Мінску праходзяць Дні шведскай культуры. Еўрарадыё пацікавілася ў шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана наконт таго, наколькі паспяхова праходзяць гэтыя мерапрыемствы?

Эрыксан: “У гэтым годзе вельмі добра праходзяць нашыя Дні культуры. Шмат мерапрыемстваў ужо адбылося, але некаторыя яшчэ наперадзе”.

Еўрарадыё: Да чаго больш праявілі цікаўнасць — да шведскага кіно, да канцэртаў?

Эрыксан: “Цікаўнасць была да ўсяго, што мы рабілі, асабліва да музыкі. У пачатку траўня быў канцэрт нашага фолк-гурта, таксама ў нас была прэзентацыя літаратурна-музычнага праекта Змітра Вайцюшкевіча, які прадстаўляў свой шведскі праект “Чара”. І так паспяхова гэта прайшло, што нам давялося зрабіць дадатковы канцэрт, які адбудзецца ў аўторак у Палацы ветэранаў.


Літаратурныя чытанні на мінулым тыдні таксама прыцягнулі шмат людзей. І нельга забыцца пра выступ нашага хора святога Ёханэса. Яны выступалі 3 чэрвеня ў сталічнай філармоніі, потым хор паехаў у Полацк, дзе ў Сафійскім саборы выступаў, яшчэ дадаткова даў канцэрт у Чырвоным касцёле. Кіно мы распачынаем толькі сёння, але я ўпэўнены, што будуць гледачы і на нашых фільмах”.

Еўрарадыё: Хто складаў праграму Дзён шведскай культуры?

Эрыксан: “Гэта сумесная праца, я ў ёй прымаў удзел. Канешне, шмат залежыць ад таго, хто зможа прыехаць са шведскіх удзельнікаў, хто зацікаўлены прыехаць. Трэба часта гаварыць з людзьмі, не тое, каб трэба шмат пераконваць, але трэба гаварыць і, часцей за ўсё, іх можна пераканаць, што варта прыехаць у Беларусь”.

Еўрарадыё: А вам самому спадабаўся праект Вайцюшкевіча “Чара”?

Эрыксан: “Мне вельмі спадабаўся яго праект. Канешне, Зміцер, перш за ўсё, беларускі музыка, ён павінен выконваць музыку на вершы беларускіх паэтаў, але вельмі цаню яго жаданне шукаць новыя шляхі выражэння. Для кагосьці альбом “Чара” прагучыць вельмі нечакана, але, я лічу,  што там ёсць шмат цікавага. Было вельмі прыемна прадставіць гэты праект менавіта на нашым нацыянальным свяце”.

Еўрарадыё: Цэлы месяц будуць ісці Дні шведскай культуры, гэта пэўна не таннае "задавальненне", каб арганізаваць такую падзею?

Эрыксан: “У нас ёсць дзяржаўная ўстанова, якая падтрымлівае культурніцкія мерапрыемствы. Шмат таксама залежыць ад нашага энтузіязму, ад удзелу беларускіх праектаў. Таму дзякуй вам усім за гэта”.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі