Рымашэўскі — будаўнік, Лябедзька — выкладчык, Севярынец — здабытчык золата

"Нават калі б улада ў 1990-х памянялася і краіна б развівалася па дэмакратычным шляху, я б рана ці позна прыйшоў у палітыку. І, безумоўна, працаваў бы па спецыяльнасці — эканаміст-менеджар у галіне міжнародных адносінаў. Працаваў бы ў прыватным бізнесе, магчыма, ужо б меў свой. А таксама спадзяюся, што меў бы магчымасць займацца навуковай дзейнасцю і выкладаць у "Наргасе", — прызнаецца кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Яго калега старшыня АГП Анатоль Лябедзька мог бы таксама займацца бізнесам, навукай ці выкладаннем. Але дачка аднаго з міністраў перайшла дарогу.

Як распавядае Анатоль, пасля заканчэння ўнівера па спецыяльнасці “Гісторыя і французская мова” прапаноўвалі застацца ў аспірантуры, але ў выніку месца дасталася дачцэ аднаго міністра. Паводле другой адукацыі Лябедзька — юрыст, мог бы быць адвакатам. Але пасля вучобы паехаў на Ашмяншчыну і адтуль прыйшоў у палітыку.

Анатоль Лябедзька: "Працаваў там намеснікам дырэктара школы-інтэрната. Прыйшла перабудова, да мяне звярнулася група маладых людзей з прапановай ускалыхнуць раён. Мы стварылі каманду, якая пайшла на мясцовыя выбары і ў дэпутаты. Мы выйгралі ў першым туры. Атрымалі 74 адсоткі".

Экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў паводле першай адукацыі — інжынер-механік. Раней кіраваў камунальнай гаспадаркай у Шклове, магчыма і цяпер бы працаваў у гэтай галіне і, можа, дарос бы нават да міністра!

"На якіх бы пасадах я ні працаваў, гэта заўсёды звязана з тэхнікай. Таму, хутчэй за ўсё, працаваў бы ў гэтым накірунку. Тэхніка — мая справа: як музыка ўспрымае музыку, так я успрымаю працу любой машыны".

Прыватны бізнес цікавы для Віталя Рымашэўскага. Калі б не палітыка, меў бы сваю ўласную справу, магчыма — будаўнічую фірму. Пасля вучобы Рымашэўскага, калі б было размеркаванне, маглі б накіраваць працаваць прарабам. Ён скончыў будаўнічы факультэт Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі.

Рымашэўскі: "Калі б не палітыка, то займаўся б бізнесам, сферай будаўніцтва, хутчэй за ўсё, ці нейкай іншай. Я мог бы працаваць у любым будаўнічым упраўленні ці фірме, што я і рабіў пасля, але без размеркавання".

Павел Севярынец мог бы шукаць і здабываць у Беларусі золата і бурштын. Пасля геафаку БДУ нават адпрацаваў некалькі месяцаў па спецыяльнасці.

"Фірма, якая займалася бурштынам, золатам і россыпамі рэдкіх металаў. Але паколькі часта трапляў на “суткі”, з гэтай працай хутка расстаўся. Рыхтаваліся для разгортвання прамысловай здабычы бурштыну. Мой дыплом назваўся "Бурштын Беларусі". Я, дарэчы, зараз сяджу ў 80 км ад прамысловага радовішча бурштыну. У Беларусі прамысловыя паклады бурштыну ёсць, адзіная праблема — укласці грошы ў распрацоўку. Мог бы быць пісьменнікам, журналістам. Але Бог так вядзе ў жыцці, што трэба сумяшчаць — і грамадска-палітычную дзейнасць, і займацца пісьменніцтвам, і публіцыстыкай, і час ад часу нават геалогіяй".

Але кім бы ні працаваў Павал Севярынец, кнігі б пісаў у любым выпадку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі