"Рэсурс пагаршэння жыцця пры няправільных рашэннях – невычарпальны"

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб пракаментаваў валютныя ініцыятывы кіраўніка Беларусі.

Еўрарадыё: Нацбанк з сярэдзіны верасня адпускае курс нацыянальнай валюты. Рыначны курс рубля будзе вызначаны ў сярэдзіне верасня на дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы. Таксама была агучаная прапанова, прадаваць валюту толькі па пашпарце… Ці можна гэтыя крокі назваць антыкрызіснай праграмай урада? Ці ёсць увогуле ва ўрадзе хоць якая антыкрызісная праграма?

Вадзім Іосуб: Насамрэч, тое, што адбываецца – гэта спроба вырашыць адну з праблем, якая ёсць у краіне,– сітуацыю на валютным рынку. Таму, нельга цалкам называць гэтыя крокі антыкрызіснай праграмай. Існуюць і іншыя праблемы, акрамя валютнай – гэта і праблема прыватызацыі, рэструктурызацыі эканомікі і г.д. Але нават, што тычыцца вырашэння пытання на валютным рынку, яно, безумоўна, палавіністае.

Расчароўвае тое, што не было аднамомантнага рашэння перайсці на адзіны курс, які будзе складацца пад уздзеяннем попыту і прапановы. Будзе нейкі перыяд, прычым, па пярэдніх абяцаннях, дастаткова доўгі (паўтара месяца), калі ў нас афіцыйна будзе два курсы. Афіцыйны, які хутчэй за ўсе, так і застанецца – 5 з чымсьці, і другі – які павінен ўсталявацца на так званай другой сесіі.

З аднаго боку, добрага ў гэтым рашэнні мала. З іншага боку – гэта, вядома, лепей, чым было – калі і кампаніі, не дапушчаныя на біржу, і насельніцтва, маглі набыць валюту толькі праз крымінальныя схемы.
 
Еўрарадыё: Чаму дадатковую сесію вырашылі правесці менавіта цяпер, хаця размовы пра гэта ішлі яшчэ на пачатку лета. Але нічога так і не было зроблена…

Іосуб: Дакладнага адказу на гэтае пытанне мы не ведаем і, баюся, што не даведаемся. Сапраўды, у канцы красавіка ішла размова пра тое, што трэба пераходзіць на дадатковую сесію. Мяркуючы па заявах афіцыйных асобаў – і Нацбанк, і Савет міністраў былі да гэтага гатовыя, але пасля паслання прэзідэнта народу, было прынятае рашэнне ўстрымацца…

Хутчэй за ўсё, на той момант ўлады сапраўды дапускалі, што крызіс на валютным рынку – з’ява часовая. Магчыма, чакалі хуткага паступлення грошай у краіну – крэдыту ад “Еўразэс”, МВФ… Магчыма, разлічвалі на нейкую буйную прыватызацыйную здзелку і лічылі, што паступленне вялікіх грошай дазволіць закрыць гэтае пытанне. Ішоў час, грошы не паступалі і пытанне не вырашалася. Увесь гэты час аналітыкі, эксперты казалі, што выхад на рынкавы плаваючы курс – гэта адзінае выйсце ў дадзенай сітуацыі. І ў нейкі момант, відаць да ўладаў дайшло, што іншага выйсця няма.

Еўрарадыё: Чаму ў такім разе пакідаюць курс у 5 тысяч? Чаму не ўсталяваць адзіны курс, што раіць і МВФ, і эксперты?

Іосуб: З боку ўладаў тут можа быць рыторыка ў плане клопату пра насельніцтва, сацыяльных абавязкаў… Бо пераход адразу на адзіны курс будзе азначаць, што аўтаматам узрастае ЖКГ, падае заробак, выражаны ў доларах і г.д.

З іншага боку, вельмі шырока распаўсюджанае меркаванне, што сістэма множнасці курсаў – для кагосьці вельмі добрая кармушка. Мы не ведаем, хто персанальна можа гэтым карыстацца, але, калі валюту магчыма купіць за 5 тысяч, а прадаць – за 10 тысяч (цягам аднаго дня зрабіць 100%)… Думаю, для кагосьці гэты бізнэс вельмі каштоўны. І гэты хтосьці, група асобаў, якая на сённяшні момант мае доступ да біржы, яны ўсімі сіламі будуць спрабаваць працягнуць існуючае палажэнне, а можа нават паспрабуюць гэта становішча закансерваваць”.

Еўрарадыё: Чаму не цяпер? Чаму сярэдзіна верасня?

Улады тлумачылі, што чакаюць паступлення яшчэ нейкіх грошай. Іншае тлумачэнне, што неабходна пратэставаць працу біржы ў новым рэжыме і г.д. Але на гэты конт ёсць пэўны сумнеў, бо ў красавіку яны былі гатовыя запусціць другую сесію літаральна на працягу некалькіх дзён. Больш за тое, рэжым існавання двух сесій у нас у краіне ужо быў у 90-я гг. І тут не трэба вынаходзіць ровар, можна проста звярнуцца да тых дакументаў, якія існавалі тады.

Але, з іншага боку, у дадзенай сітуацыя два тыдні нічога не вырашаюць.

Еўрарадыё: Хацелася б яшчэ абмеркаваць друкаванне наяўных грошай. Як доўга гэта можа працягвацца без наступстваў? І што дасць, калі адмовіцца ад эмісіі?

Іосуб: Рана ці позна, напэўна, давядзецца спыніцца ў тым, каб ўвесь час індэксаваць даходы насельніцтва. Безумоўна, у гэты момант насельніцтву будзе цяжка, папулярнасці уладзе гэта не прынясе. Але іншага выйсця спыніць інфляцыю, як абмежаванне даходаў насельніцтва і ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, няма. Таму атрымліваецца, што ў дзяржавы такая альтэрнатыва – або адразу прыняць непапулярнае рашэнне, або увесь час індэксаваць заробкі, але рэальна інфляцыя ўсё роўна будзе з’ядаць новыя заробкі. І незадаволенасць насельніцтва будзе размазаная па часе…

Еўрарадыё: А што дае такая пастаянная эмісія, акрамя таго, што зніжае незадволенасць насельніцтва?

Іосуб: Па-сутнасці, больш нічога. Эканамічнага сэнсу ў гэтым няма. Больш за тое, кожнаму чалавеку зразумела, што калі мне павялічылі заробак на 100, 200, 1000 – гэта цудоўна, але калі гэта зрабілі адначасова ўсім, то мне на самой справе ад гэтага лепш не стала, а рэальна стала толькі горш.

Еўрарадыё: Ці магчыма практычна адмовіцца ад эмісіі?

Іосуб: Я не выключаю, што ў частцы заробкаў і эмісіі ўвогуле ўлады прызнаюць аб'ектыўнасць эканамічных законаў. Зноў-такі, гэта ім давядзецца рабіць не ўпершыню, у 90-я гады ужо праходзілі гэтую сітуацыю. У краіне была гіперінфляцыя, была нашмат больш сур’ёзная сітуацыя з інфляцыяй, чым цяпер. Быў досвед выхаду з гэтай сітуацыі шляхам ўзмацнення жорсткасці грашовай палітыкі, скарачэння эмісіі і абмежавання палітыкі прыбыткаў.

Еўрарадыё: Як блізка мы знаходзімся да дна валютнага крызісу? Дзе “дно” долара? Ці можам мы пайсці ўжо ўверх, або будзем яшчэ спускацца?

Іосуб: Вельмі складана прагназаваць, калі ў Беларусі будзе дасягнутае дно крызісу, калі пачнецца дынаміка ў іншы бок, бо гэта вельмі моцна звязана з тым, якія рашэнні будуць прымацца ўладамі. Калі не будзе прымацца ніякіх рашэнняў, або будуць, але не тыя, якія патрэбныя ў дадзенай сітуацыі, то вельмі доўга можна рухацца ў накірунку пагаршэння эканамічнай сітуацыі. Рэсурс пагаршэння жыцця пры прыняцці няправільных рашэнняў, фактычна невычарпальны. У гэтым накірунку ёсць такія арыенціры, як паўночная Карэя, ёсць куды рухацца і куды падаць…

Еўрарадыё: Ці магчыма спрагназаваць у бліжэйшай перспектыве, з такімі крокамі, якія былі агучаныя, і якія будуць прынятыя, што будзе з доларам?

Іосуб: Эксперты дастаткова доўга падкрэслівалі, што пры выхадзе на свабодны курс долара, загадзя прагназаваць, якім будзе раўнаважны курс, няма сэнсу. Рынак пакажа. Што цікава, у сваіх заявах за апошнія дні прадстаўнікі Нацбанка, біржы, Савета міністраў абсалютна пагаджаюцца з гэтымі тэзісам, не спрабуюць агучваць нейкія лічбы.

Калі б сапраўды пераход на адзіны курс ажыццявілі разава, была б адна сесія, курс быў бы адзін… У такім разе, з высокай доляй верагоднасці можна было б сцвярджаць, што курс, які б склаўся на свабодным рынку, апынуўся б ніжэйшым, чым сёння на чорным рынку. Але сітуацыя такая, якая ёсць…

Будзе дзве сесіі. Відавочна, што на першай, афіцыйнай сесіі, прадаўцы валюты будуць вымушаны прадаваць 30% сваёй выручкі па заніжаным курсе, адпаведна, яны будуць спрабаваць адыграцца на другой сесіі. І на другой сесіі курс будзе вышэйшым, чым калі б сесія была адна.

Еўрарадыё: Старшыня Нацбанку як раз такі агучвала нейкія лічбы… Казала пра тое, што курс усталюецца не вышэй за 10 тысяч.

Іосуб: 10 тысяч – па сутнасці, цяпер гэта курс на міжбанку. У якасці арыенціру яна назвала той курс, які існуе на сёння. Не выключана, што такім ён і будзе. Хаця, я не стаў бы загадваць. Гэта будзе вельмі моцна залежаць ад далейшай эмісіі або яе адсутнасці. Ад таго, які будзе ўсталяваны рэжым гандлю на дадатковай сесіі. Таму што ўжо прагучалі дзіўныя заявы з боку старшыні Нацбанку пра тое, што яны будуць таргетаваць курс на дадатковай сесіі… Жаданне таргетаваць курс і ў той жа час называць яго свабодным – штосьці дзіўнае…

Еўрарадыё: Што значыць – таргетаваць? Што яны будуць рабіць?

Іосуб: На самой справе, мы, напэўна, не да канца разумеем, што ж мела на ўвазе Надзея Ярмакова, калі казала пра таргетаванне курса. Я спадзяюся, што яна ўсё ж такі не мела на ўвазе, што курс будзе жорстка ўсталёўвацца. Магчыма, тут мелася на ўвазе, што пры нейкіх рэзкіх перакосах попыту і прапановы, Нацбанк можа ўмяшацца, але не адміністратыўна, а зрабіць нейкія валютныя інтэрвенцыі.

Тут важны фактар, што гэтыя інтэрвенцыі каштуюць грошай. Для таго, каб праводзіць інтэрвенцыі, Нацбанк павінен траціць грошы, залатавалютныя рэзервы. Калі залатавалютных рэзерваў будзе хапаць, то чаму б і не… У нас жа праблема была звязаная з тым, што ў пачатку года рэсурсы на інтэрвенцыі сталі таяць, і, па сутнасці, пачаліся вербальныя інтэрвенцыі. Курс стрымліваўся літаральна загадамі, указамі, вуснымі дырэктывамі, тэлефанаграмамі і г.д. Спроба абмежаваць курс, не трацячы на гэта грошы, прывяла да таго, што мы маем – татальнага дэфіцыту валюты.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі