Рэпетытар: Абітурыенты з нізкімі баламі па ЦТ з Беларусі паступяць у Расіі

130213_martin_ct.mp3

У Мінадукацыі рыхтуюць сюрпрыз абітурыентам: мінімальны прахадны бал на тэсціраванні, з якім можна паступаць у ВНУ, хочуць падвысіць удвая. Па тэхнічных прадметах трэба будзе набраць 15 балаў і вышэй, па гуманітарных — 20. Але нават парог у 7 балаў летась не змаглі пераадолець 18 тысяч абітурыентаў. А гэта крыху менш за 10% ад усіх тых, хто паступае.

Хаця крыжыкі можна было паставіць наўздагад і набраць нават 9 балаў. Гэта атрымалася ў блогера Глеба Лабадзенкі, які хадзіў сдаваць фізіку на ЦТ.

А сёлета Мінадукацыі спадзяецца адсекчы ад вышэйшых навучальных устаноў траціну.

Але гэтая траціна не адмовіцца ад вышэйшай адукацыі, а паедзе ў Расію, мяркуе рэпетытар Яўген Лівянт:

“Увага да гэтага абмежавання неабгрунтавана вельмі вялікая. Тыя людзі, якія хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю, маючы 15-20 балаў на ЦТ, паступаюць у Расію. Гэта даступная адукацыя ў Смаленску, Бранску, Маскве. Мы абавязаныя прызнаваць дыпломы гэтых ВНУ. Таму гэтая планка не вырашае ніякай праблемы”.

І заўважае, што тыя, хто не хоча атрымліваць рабочую спецыяльнасць, не будуць яе атрымліваць у кожным разе. Але 15 балаў па матэматыцы ці фізіцы наўздагад не набярэш, мяркуе Яўген Лівянт.

“Цяпер каля 20 тысяч беларускіх студэнтаў атрымоўваюць адукацыю у Расіі. А зараз будзе 30 тысяч. А гэта каля 30 мільёнаў долараў (плата за навучанне, што пакінуць ва ўсходніх суседзяў — заўв. Еўрарадыё)”, — падлічвае рэпетытар.

На факультэтах, куды традыцыйна паступаюць з не вельмі высокімі баламі, не хвалююцца. І чакаюць больш разумных студэнтаў.

“Праблема, натуральна, будзе. Прыйдуць больш падрыхтаваныя студэнты — гэта добра. Але іх будзе не так шмат — гэта дрэнна. Мы і летась недабралі на фізмат. Але з нізкімі баламі было зусім няшмат”, — гавораць на фізіка-матэматычным факультэце Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова.

У Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна на фізмаце прызнаюць: студэнтаў зробіцца менш. Але цешацца, што ў тых будзе больш здольнасцяў. Летась сюды паступалі, маючы 11 балаў па профільнай фізіцы на тэсціраванні. Сёлета такое не пракаціць.

“Гэта, канешне, страта, але тут гаворка ідзе пра якасць. Калі ідзе маса, а прахадныя балы невысокія — гэта таксама дрэнна. Ды і набраць 15 балаў па матэматыцы і па фізіцы не так складана. Бо калі людзі набіраюць па 8 балаў — яны з цяжкасцю вучацца”, — гавораць на фізіка-матэматычным.

І прыводзяць прыклад: тыя, хто летась прыходзіў з нізкімі баламі, маюць цяпер двойкі па профільных дысцыплінах.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі