Расіяне купілі дзве бутэлькі французскага шампанскага за 9,5 мільёна

130108_savi4_ra6ka_0.mp3

У мінскім гатэлі “Спадарожнік” усе выхадныя расіяне не пераводзіліся — адны з’язджалі, а іншых сустракалі. І гэта пры тым, што кошт нумара пачынаўся ад 440 тысяч без сняданку.


У гатэлі Еўрарадыё расказваюць, што расіяне ездзяць у Мінск штогод, і штогод маюць прыкладна аднолькавыя перавагі — лыжныя курорты.


“Прывозяць нават лыжны рыштунак. Гулялі па Мінску, крамы, канечне ж, але і лыжныя курорты — у Сілічы ездзілі штодня. Мы нават расклад транспарту вывесілі на стойку, каб яны маглі даехаць, бо ў нас было многа гасцей, каля 100 чалавек са Смаленска”.


Для расіян у гатэлі ладзілі спецыяльны этнавечар — з беларускімі строямі і стравамі, а навагоднюю ноч святкавалі на банкеце — з носа па 150 долараў.


У Сілічах пацвярджаюць, што ў святы і сапраўды было шмат людзей, але на беларусаў і расіян іх тут не дзялілі — для ўсіх былі аднолькавыя кошты. Гадзіна ў крытым катку разам з пракатам канькоў абыходзіцца ў 28 000 рублёў.


А вось у рэстаране гатэля “Спадарожнік” расказваюць, што асаблівых вытанчаных страў расіяне не замаўлялі:

 
“У абед маглі пасядзець на 80 тысяч, а ўвечары — на 300 тысяч рублёў на аднаго. Але не сказаць, што яны неяк вельмі тут выдаткоўваліся. Часам і беларусы, добрыя беларусы, гэтак сядзяць”.


Навагодні банкет у санаторыі “Чабарок”, што пад Баранавічамі,  нягледзячы на кошт — 760 тысяч рублёў з чалавека — прайшоў з ажыятажам.


“Расіянаў многа на Новы год, і не страшныя кошты, якія мы душым. Беларусаў было мала жадаючых, а вось расіян — многа”, — кажуць у санаторыі. Нашы ўсходнія суседзі бываюць тут кожны год, пуцёўка для іх каштуе на 100 тысяч болей за беларускую — па 260 тысяч рублёў з чалавека. Супрацоўнікі “Чабарка” кажуць, што расіяне часта наведваліся ў суседнюю з санаторыем вёску і вельмі здзіўляліся коштам.


“Кажуць, што дастаткова дорага, для нашых заробкаў асабліва. Кажуць, што  кошты на  прадукты ў іх у параўнанні танней”.


Дорага — не дорага, але, як расказваюць у фірмовай краме “Штопар”, за навагоднія святы ў іх купілі дзве бутэлькі французскага шампанскага.


“Дзве бутэлькі за 9,5 мільёна, я думаю вы здагадваецеся, адкуль гэтыя пакупнікі — грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Грузінскія віны бралі і "Баржомі". Бралі столькі, колькі маглі везці, ну і тое, чаго асабліва няма ў іх. Але асаблівага ажыятажу, як летась, не было, бо кошты параўняліся”


У аддзеле паштовак Цэнтральнай кнігарні расіяне пакідалі не менш за 100 тысяч рублёў.


“Натуральна, магніты і паштоўкі, кнігі і буклеты пра Мінск. Хаця кнігі, магніцікі бралі з выявамі сталіцы. Нядаўна выйшла кніжка “Планета Беларусь” з фота краявідаў з птушынага палёту. Яна дастаткова дарагая — 300 тысяч. І паштоўкі, кнігі з фота Беларусі”. 


У аддзеле ж сувеніраў Цэнтральнай кнігарні асабліва карысталіся попытам вырабы са скуры — візітніцы, кашалькі, вокладкі на аўтадакументы і пашпарты. Каштуюць гэтыя сувеніры ад 100 тысяч рублёў і вышэй.


Кошты на аграсядзібы і так званы адпачынак у вёсцы вельмі розныя — даходзіць да тысячы долараў за тыдзень з кампаніі.


Але ў аграсядзібе “Чыстыя ключы”, што ў Віцебскім раёне, за адзін дзень даросламу чалавеку давядзецца аддаць 25-50 долараў без ежы.


“Расіяне падчас вакацый прыязджалі, расіяне пад самы Новы год прыязджалі. Дык я ім свінню забіла і парачку гусей з сабой дала. Яны мне бульбы два мяхі купілі, морквы, а я біла свінню — мне ўсё адно яна ўся не патрэбная, таму я ім прадала частку па 45 тысяч за кілаграм”, — кажа гаспадыня сядзібы “Чыстыя ключы” Валянціна.


Расіяне адзначылі Новы год і з’ехалі разам са свіннёй і парачкай гусей. Што ні зробіць беларуская гасціннасць для гасцей з суседняй Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі