Rammstein зноў выступіць у Мінску

4 лютага Мінск ужо другі раз наведае скандальна вядомы нямецкі калектыў Rammstein.

“Называецца шоў “Зроблена ў Германіі 1995-2011” – распавяла Таццяна, прадстаўніца “Корпорации развлечений”, якая арганізуе канцэрт. – Гэта іх складанка “зэ бэст”, да якой яны падрыхтавалі новае шоў, з новымі спецэфектамі. Ды і ўвогуле яны абяцаюць страсянуць”.

Іншых падрабязнасцяў новага шоў арганізатары пакуль не ведаюць. Але Таццяна перакананая, што колькасць апаратуры ды колькасць супрацоўнікаў сцэны, якіх прывязе Rammstein, будзе не меншай, чым у мінулы раз.

“Думаю, што не менш чым мінулым разам: мала таго, што каля дванаццаці фур, дык яшчэ некалькі аўтобусаў людзей і самалёт. Думаю, што будзе такая ж каманда. Менш іх дакладна не будзе, бо шоў у іх прапрацаваныя ад пачатку да канца, са сваімі піратэхнікамі, са сваімі мантажнікамі. То бок ад нас у іх практычна ніякіх патрабаванняў не было, толькі дапамагчы з закупкай прадуктаў, сустрэць і вырашыць пытанне з візамі, а ўсё астатняе яны робяць самастойна”.

Канцэрт Rammstein зноў будзе праходзіць у “Мінск-Арэне”, але ніякай інфармацыі пра квіткі арганізатары пакуль не даюць. Па словах Таццяны, зараз як раз вядзецца падлік выдаткаў, таму кошты на квіткі будуць абвешчаныя 10-11 ліпеня.

Нагадаем, што перад мінулагоднім выступам Rammstein у Мінску, разгарэўся скандал. Беларускі Грамадскі савет па маральнасці на чале з Мікалаем Чаргінцом спрабаваў забараніць выступ нямецкага гурта. Матывавалася гэта тым, што “творчасць калектыву з'яўляецца непрыкрытай прапагандай гомасэксуалізму, мазахізму і іншых вычварэнстваў, а таксама жорсткасці, гвалту і непрыстойнай лаянкі”. Цяпер арганізатары спадзяюцца, што падобных праблем не будзе, бо мінулым разам канцэрт усё ж прайшоў.

“У прынцыпе, Савет па маральнасці бачыў усё на свае вочы. Думаю, што гэтым разам у іх не павінна ўзнікнуць пытанняў. Хоць мінулым разам яны нам вельмі дапамаглі ў анансаванні канцэрту”.

Нядаўна Rammsteim правялі працяглае турнэ па Паўночнай Амерыцы і Мексіцы, дзе яны былі ўзнагароджаныя як лепшы Live Band на Revolver Golden Gods Awards. Замест адпачынку музыкі сабралі ўсё лепшае за 16 гадоў і рушаць у новы тур. Паралельна Rammstein выдае сваё ўласнае бачанне дваццацігадовай творчасці, якое складаецца з хітоў ў арыгінальным выкананні і нявыдадзеных трэкаў, а таксама поўны каталог відэа.

Фота: kristianb.deviantart.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі