Радзіна: Калі распавядала пра палітвязняў італьянцам, яны плакалі

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, а таксама стасункі Італіі і Беларусі на дзяржаўным узроўні. Пра гэта Наталля Радзіна распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё. 

Еўрарадыё: На канферэнцыі вы распавядалі пра апошнюю дыктатуру ў Еўропе, пра рэпрэсіі ў дачыненні да беларускай апазіцыі, пра зніклых палітыкаў і журналістаў. Кім быў прадстаўлены на гэтай канферэнцыі італьянскі бок і якая была рэакцыя італьянцаў на вашу прамову?

Наталля Радзіна: З італьянскага боку былі кіраўнікі асацыяцыі “Anna Viva” і  старшыня Камітэта па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Матэа Мікачча. Ён адмыслова прыляцеў на канферэнцыю з Рыма і таксама распавядаў пра сваё бачанне беларуска-італьянскіх адносінаў. Я ж казала пра сапраўдную сітуацыю ў Беларусі, пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі. Прамову я наўмысна спрасціла. распавядала пра станаўленне беларускай дыктатуры. Пра тое, якая сітуацыя зараз у нашай краіне — падрабязна, у дэталях. Бо сёння, на жаль, італьянцы, нават калі гэта праваабаронцы, палітыкі ці журналісты, вельмі мала ведаюць пра фактычны стан таго, што зараз адбываецца ў Беларусі. Рэакцыя на маю прамову была ашаламляльная. Асабліва тады, калі я казала пра беларускіх палітычных зняволеных. Я зрабіла акцэнт на сітуацыі са Змітром Бандарэнкам, Андрэем Саннікавым, Змітром Дашкевічам ды Мікалаем Статкевічам. Італьянцы плакалі.

Еўрарадыё: У сваім дакладзе вы досыць негатыўна ацанілі дзейнасць Сільвіа Берлксконі за тое, што ён кантактуе з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Якая рэакцыя была на гэтую вашу пазіцыю? Ці падтрымаў нехта з італьянцаў ваш пункт гледжання?

Наталля Радзіна: Сапраўды, сёння палітыка Берлусконі ў дачыненні да Беларусі злачынная, паколькі італьянскі прэм’ер прыкрывае беларускую дыктатуру. Італія — адна  з нешматлікіх краінаў, якія сёння выступаюць супраць эканамічных санкцыяў супраць рэжыма Лукашэнкі Акрамя таго, сам Берлусконі наведваў 2 гады таму Беларусь. Такім чынам ён разарваў міжнародную ізаляцыю Лукашэнкі. Больш за тое — МЗС Італіі і прыватна Берлусконі лабіравалі сустрэчу Лукашэнкі з Папам Рымскім Бенедыктам XVI. Больш за тое — пасля 19 снежня 2010 года міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў здолеў наведаць Італію, што таксама парушала стаўленне еўрапейскіх палітыкаў у дачыненні да Беларусі.

І тое, што я казала (а я заклікала, вядома, абмежаваць кантакты кіраўніцтва Італіі з беларускімі ўладамі), падтрымаў Матэа Мікачча. Ён сказаў, што сёння Італія павінна падтрымаць скіраваныя ў бок Беларусі эканамічныя санкцыі. Акрамя таго, Еўрасаюз павінен ўрэшце ўвесці гэтыя эканамічныя санкцыі, надаць ім практычнае вымярэнне, працягваць палітыку ціску на рэжым Лукашэнкі. А з іншага боку – узмацніць падтрымку беларускага грамадства.

Еўрарадыё: Ужо вядома, што на канферэнцыі ваша пазіцыя была падтрыманая, але ці вядома ўжо, якія рэальныя крокі будуць рабіцца ў бліжэйшы час?

Наталля Радзіна: Яшчэ цяжка казаць пра якія-небудзь рэальныя крокі. Заўчасна. Я дала некалькі інтэрв'ю на тэлебачанні, на радыё. Таксама мяне запрасілі выступіць у снежні ў Рыме на з'ездзе радыкальных італьянскіх партыяў. Паглядзім, якая там будзе рэакцыя.

Ведаю толькі, што нельга маўчаць, трэба ўвесь час казаць пра сітуацыю ў нашай краіне.  Бо, паўтаруся, Італія належыць да тых краінаў, дзе вельмі мала ведаюць пра сапраўдную сітуацыю ў нашай Беларусі. І вельмі важна было мне выступіць і распавесці пра ўнутраную палітыку, якую праводзяць беларускія ўлады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі