Радзільні, садкі, школы. “Вялікі брат” сочыць за беларусамі ад нараджэння

“Ёсць рашэнне калегіі Мінздароўя за 2010 год аб усталяванні відэаназірання ў прыёмных пакоях, перадродавых, радзільных залах. А таксама аперацыйных, пасляаперацыйных. Для кантролю за ходам родаў, аперацый і гэтак далей”, — расказвае галоўны акушэр-гінеколаг Мінскай вобласці Вольга Серада.

121122_pilecki_video.mp3

У дакуменце дакладна прапісана, што аб відэаназіранні хворых і цяжарных павінны папярэдзіць. З дапамогай шыльдаў, альбо вусна. Лічыцца, што ад камер у бальніцах значна больш парадку. І персанал больш дысцыплінаваным робіцца, і пацыенты. У любым канфлікце вельмі проста знайсці вінаватых.

“Калі вось сцвярджаюць, што з імі груба размаўлялі, крычалі на іх — то застаецца відэазапіс. Яго можна паглядзець, калі спатрэбіцца”.

Па словах медыкаў, відэазапісы у якасці доказаў на карысць нейкага з бакоў канфлікту патрабуюць рэдка. Разыходзяцца палюбоўна.

Як даведалася Еўрарадыё, дакумент Мінздароўя абавязвае ўсталяваць камеры не толькі ў сталічных клініках. Яны павінны з’явіцца па ўсёй краіне. Верыцца ў гэта з цяжкасцю, таму тэлефаную ў выпадкова выбраную радзільню ў Жлобіне. У прыёмнай мяне агаломшваюць — карцінка з пакоя, дзе адбываюцца роды, транслюецца ў рэжыме рэальнага часу ў кабінет загадчыка аддзялення. Каб у экстранным выпадку можна было прыняць кваліфікаванае рашэнне.

“Гэта ўсё толькі ў загадчыка аддзяленнем. Каб ён мог бачыць, прыйсці дапамагчы ў крайнім выпадку. Ніхто больш не бачыць”.

Такі вось “Вялікі брат”, які сочыць за намі ад самага нараджэння. І не толькі ў радзільні. Супрацоўнік кампаніі “Модуль Інжынірынг”, якая займаецца усталёўкай камер відэаназірання ў Мінску, расказвае, што кліентаў усё больш і больш.

“У апошні час колькасць замоваў у разы павялічылася. Камеры ўсталёўваюць не толькі на вялікіх аб’ектах — вытворчасць, склады буйных фірм. Бывае, што нават у цырульнях ставяць. Дзіцячыя сады, бальніцы, школы, стаянкі. У пад’ездах відэаназіранне бывае”.

Вось такое жыццё. Спачатку нас здымаюць у радзільні, потым у дзіцячым садку, школе, ва універсітэце, на працы, у крамах. Нават у пад’ездзе ўласнага дома.

Паводле беларускага заканадаўства, аб відэаназіранні неабходна папярэджваць. Таму спецыялісты, якія ўсталёўваюць камеры, пад імі ж лепяць адпаведныя шыльдачкі. Гэта тычыцца адкрытага назірання. З таемным — складаней. На ўсталёўку незаўважных камер неабходная асобная ліцэнзія.

Аднак месцы, дзе нас дакладна не будуць здымаць камеры відэаназірання, усё ж існуюць. У Палаце прадстаўнікоў расказваюць, што камер там пакуль няма — толькі стэнаграма вядзецца. Як правіла, забаронены відэазапіс падчас судовых пасяджэнняў. Не ўзгадалі пра камеры і ў сталічнай міліцыі. Яно зразумела — не тыя гэта месцы, дзе можа запісваць на відэа ўсё без разбору.

“У апошні час колькасць замоваў у разы павялічылася. Камеры ўсталёўваюць не толькі на вялікіх аб’ектах — вытворчасць, склады буйных фірм. Бывае, што нават у цырульнях ставяць. Дзіцячыя сады, бальніцы, школы, стаянкі. У пад’ездах відэаназіранне бывае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі