Радыяцыйная плітка можа ляжаць і ў ваннай

Як  нечакана даведалася Еўрарадыё, большасць з такіх небяспечных грузаў потым без праблем атрымлівае дазвол ад Праматамнагляду на дастаўку грузу па прызначэнні. Адкуль праз рынкі і крамы усё гэта разам з радыяцыяй трапляе ў нашы кватэры.

Днямі на памежным пераходзе “Казловічы” брэсцкія памежнікі затрымалі 5 грузавікоў з будаўнічымі матэрыяламі. Спецыяльны прыбор, які рэагуе на рэчы, радыяцыйны фон якіх перавышае 20 мікрарэнтген у гадзіну, зафіксаваў перавышэнне нормы ў вогнетрывалай цэгле з Нямеччыны на 31 мікрарэнтген ў гадзіну, а ў бытавой хіміі, фарбах і лаках – на 47 мікрарэнтгенаў. А гэта 51 і 67 мікрарэнтген у гадзіну адпаведна! Не менш “свяціліся” італьянская керамічная плітка, штучны корунд і фарбавальнікі. 

Нагадаем, у гранітнай плітцы на плошчы Незалежнасці, якую спецыялісты Інстытута “Сосны” прызналі для выкарыстоўвання ў межах населеных пунктах непрыдатнай, перавышэнне радыяцыйнага фону было на 20-40 мікрарэнтгенаў у гадзіну. Па словах начальніка пункта памежнага кантролю “Казловічы” Віталя Дудзіка, такія затрыманні ў іх здараюцца амаль штодня. Часцей за ўсё ”фаняць” будаўнічыя матэрыялы.

Віталь Дудзік: “Падчас аднаго дзяжурства можа быць 5 машын, а можа быць 3 машыны. Іншым разам і ніводнага затрымання за дзяжурства. Але найчасцей гэта керамічная плітка, цэгла, спецыяльны пясок для вырабу будаўнічых матэрыялаў, сумесі розныя”.

Зараз машыны з грузам знаходзяцца на спецпляцоўках. Па словах начальніка памежнага пераходу, іх задача — толькі спыніць падазроны груз. Яго далейшы лёс вырашаюць Праматамнагляд ды МНС. 

Віталь Дудзік: “Рашэнне аб пропуску гэтых транспартных сродкаў прымае Праматамнагляд і МНС. Яны робяць усе неабходныя замеры, далей выстаўляюць патрабаванні прадстаўніку перавозчыка, якія дакументы ім неабходна падаць, якія абавязацельствы выканаць. І пасля гэтага прымаецца рашэнне: нам прыходзяць дакументы, якія альбо дазваляюць перамяшчэнне грузу да месца прызначэння, альбо адмова”.

Як небяспечная керамічная плітка трапляе ў нашы ванныя пакоі?

Як стала вядома Еўрарадыё, часцей за ўсё такі радыяцыйны груз атрымлівае дазвол працягваць шлях. Па словах кіраўніка Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем працы ў прамысловасці і атамнай энергетыцы Уладзіміра Соніна, машыны затрымліваюць толькі для таго, каб праверыць, што за груз “фаніць” і ці ёсць дазвол на правоз такіх матэрыялаў праз мяжу. 

Калі гэта не кантэйнер з цэзіем альбо міні-атамны рэактар, а “толькі” будаўнічыя матэрыялы з фонам ў 67 мікрарэнтген, такі дазвол даюць. Абмежаванняў на перавышэнне радыяцыйнага фону, як гэта ні дзіўна, для іх няма.

Уладзімір Сонін:
 “Калі мы дакладна ведаем, што гэта керамічная плітка альбо матэрыял прыроднага паходжання, які “фаніць”, мы дакладна ведаем, што такую машыну прапускаць можна. Абмежаванняў ніякіх няма”.

Забараніць забудоўшчыку выкладаць радыеактыўнай пліткай ванныя пакоі можа толькі санстанцыя. Але невядома, дзе такая плітка “ўсплыве”, як і каму яе прададуць. У такім выпадку, тым, хто клапоціцца пра сваё здароўе, чыноўнік раіць глядзець сертыфікат якасці на плітку. 

Уладзімір Сонін: “Ёсць сертыфікат якасці, у якім указана, што там утрымліваецца. І вы глядзіце”.

Як стала вядома Еўрарадыё, такім жа чынам былі атрыманыя ўсе неабходныя паперы для правозу праз мяжу радыяцыйных гранітных блокаў з Токаўскага радовішча Украіны, з якіх потым выпілоўвалі плітку для плошчы Незалежнасці.

Уладзімір Сонін: “Калі гэтыя матэрыялы везлі праз мяжу, значыцца, яны атрымалі наш дазвол на перасячэнне мяжы. А ўжо што рабіць з гэтым матэрыялам прадпрыемству, вырашае само прадпрыемства і санслужба. Мы гэта не вырашаем”.

Набываючы керамічную плітку на будаўнічым рынку, мала хто цікавіцца сертыфікатам якасці на яе. Спецыяліст камерцыйнага аддзела будаўнічага рынка “Grand” рынку “Ждановічы” Яўген Шагалаў упэўніў Еўрарадыё, што ў іх жорстка кантралюецца радыяцыйнае выпраменьванне ўсіх будматэрыялаў. У выпадку, калі ёсць нейкія падазрэнні, тавар апячатваецца, і далейшы яго лёс вырашаюць спецыялісты Праматамнагляду і санстанцыі.

Яўген Шагалаў: “У нас аддзел кантролю гэтым займаецца. Калі штосьці знаходзяць, мы апячатваем павільён і выклікаем спецыялістаў. Самі мы нічога да гаспадара тавару не прадпрымаем. У нас няма такой меры, як санкцыі ці штрафы. Але далей гандляр знаходзіцца пад нашым павышаным кантролем”.

Па словах супрацоўніка будаўнічага рынку, за апошні год такіх выпадкаў не здаралася. Але гэта не выключае, што такую керамічную плітку з павышаным радыяцыйным фонам нельга набыць дзесьці на менш буйных рынках альбо праз рэкламу ў газеце. Бо калі груз вязуць, то недзе ж яго выкарыстоўваюць. А па санітарных нормах, радыяцыйны фон той жа пліткі для ваннай не павінен перавышаць 30 мікрарэнтген у гадзіну.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі