Прэтэндэнт на дэпутацтва: Пакуль не вучыла паўнамоцтвы дэпутата

120821 LukashukPretendent.mp3

Дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянціна Леаненка вырашыла ісці на новы тэрмін. А якія правы мае дэпутат, сцвярджае, вывучыла даўно.


Валянціна Леаненка: “Я дацэнт паліталогіі! Таму, зразумела, я ведаю, чым займаюцца дзяржаўныя органы і іх функцыянальныя абавязкі”.


Дэпутат каля двухсот разоў скарыстала права “выступаць па пытаннях сваёй дзейнасці ў СМІ”. Не кожны журналіст напісаў столькі артыкулаў! Звярталася ў праваахоўныя органы, пісала запыты ў розныя дзяржустановы. Нават правам “першачарговага прыёму службовымі асобамі” карысталася!


Валянціна Леаненка: “Калі да нас звяртаюцца грамадзяне, мы павінны ў пэўныя тэрміны людзям даваць адказ — звяртаемся, што ёсць пытанне, трэба перамовіцца, сустрэцца. І мы сустракаемся. Зразумела, гэта — пазачарговы ўваход ва ўстанову”.


Карацей, правоў у дэпутатаў парламента шмат. Вось толькі пераацэньваць іх значнасць Валянціна Леаненка не раіць.


Валянціна Леаненка: “У любой прэзідэнцкай рэспубліцы, асабліва калі гэта прэзідэнцкая рэспубліка з такой моцнай... калі кіраўнік дзяржавы ўзначальвае і выканаўчую ўладу, роля парламента заўсёды будзе менш значнай за ролю парламента ў парламенцкай рэспубліцы”.


Не супраць атрымаць дэпутацкі мандат магілёўская актывістка кампаніі “Гавары праўду!” Аксана Закрэўская. Але якія правы ў дэпутата, не ведае пакуль.


Аксана Закрэўская: “Я ж не думаю, што ўжо 24 верасня пачынаецца праца дэпутатаў парламента! Будзе час, каб асэнсаваць усе магчымасці”.


Найперш будзе карыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы. Еўрарадыё зачытвае прэтэндэнту дэпутацкія правы. Аксана запэўнівае, што будзе часта карыстацца правам друкаваць артыкулы ў дзяржаўных СМІ. Магчымасць “у выпадку выяўлення парушэнняў законнасці” звяртацца ў праваахоўныя органы з патрабаваннем гэтыя парушэнні выправіць, ставіць яе ў тупік.


Аксана Закрэўская: “Вось пра гэта я не думала. Мы больш думаем пра заканадаўчую ініцыятыву, чым пра парушэнні законнасці”.


Актывіст “Справядлівага свету” са Жлобіна Валерый Рыбчанка ў парламент ідзе не першы раз. Падрыхтаваўся — вывучыў Закон “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў”. Будзе раз на тыдзень з’яўляцца ў СМІ — мог бы і штодня, але баіцца “людзям надакучыць”. Права на дзяржаўнае жыллё ў сталіцы ён лічыць залішнім.


Валерый Рыбчанка: “Бо яны потым вельмі хутка адрываюцца ад людзей — не едуць да выбаршчыкаў, а сядзяць у гэтым жытле ў Мінску”.


Прэтэндэнт называе права на заканадаўчую ініцыятыву самым галоўным правам дэпутата парламента. Хоць і прызнае: калі такі “змагар” будзе ў парламенце адзін, то ніякіх змен дабіцца не атрымаецца.

Фота: izobel.seevis.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі