Наста Палажанка: Трэба, каб людзі пачалі ганарыцца тымі, хто побач

Нагадаем, што пераможцаў абіралі ў трох намінацыях — "Журналістыка", "Аналітыка" і "Надзея" (прэмія для маладых палітыкаў). Усе прызавыя месцы дасталіся жанчынам -Калінкінай, Касцюговай і Палажанцы.

Сярод журналістаў найлепшай была прызнаная Святлана Калінкіна, сярод аналітыкаў — Валерыя Касцюгова. А ў катэгорыі "Надзея" пераможцай стала маладафронтаўка Наста Палажанка.

Сустаршыня журы Уладзімір Дунаеў запэўнівае Еўрарадыё, што "жаночы п'едэстал" атрымаўся выпадкова, а не ў сувязі з блізкім святам 8 Сакавіка:

Дунаеў: "Наколькі я разумею, кіраваліся не гендэрнымі меркаваннямі, а найперш вартасцямі намінантаў".

Дарэчы, у самім журы прэміі толькі тры жанчыны з амаль двух дзясяткаў чальцоў. 

Еўрарадыё паразмаўляла з лаўрэаткай прэміі, намесніцай лідэра "Маладога Фронту" Настай Палажанкай.

120301 Palazhanka s.mp3

Еўрарадыё: Што для вас значыць гэтая прэмія? Наколькі важная была намінацыя, а цяпер і статус лаўрэаткі?


Наста Палажанка: Безумоўна, прэмія вельмі важная. Вельмі прыемна, што ёсць надзея на новае пакаленне, вельмі прыемна, што такая адказнасць ускладзена на мяне. Вельмі важна, што прэмія мае імя Святланы Навумавай. Я, на жаль, не была з ёй асабіста знаёмая, магу знаёміцца толькі з ейнымі працамі цяпер і чуць цудоўныя водгукі пра гэтую цудоўную жанчыну. Найперш важна, што справа чалавека жыве, што чалавек сапраўды можа быць і ёсць бессмяротны. Але бессмяротны як на нябёсах, так і на гэтым свеце, у памяці людзей.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, вы атрымалі прэмію за нешта канкрэтнае, ці за сукупнасць усіх вашых дзеянняў?

Наста Палажанка: Я не думаю, што за нешта канкрэтнае. Вельмі цяжка вылучыць нешта адное важкае, чым бы я моцна ганарылася. Таму, я думаю, што ацанілі нейкі сам шлях… Хаця, безумоўна – мне прыемна. Нехта ўсё ж такі спадзяецца, што штосьці атрымаецца з гэтага ўсяго.

Еўрарадыё: Вы таксама атрымлівалі прэміі па-за межамі нашай краіны: Хілары Клінтан не так даўно ўручала вам прэмію. Што для вас важнейшае – замежная падтрымка, ці ўнутраная, але, можм, менш маштабная?


Наста Палажанка: Безумоўна, найбольш важная падтрымка людзей, якія паблізу цябе. Гэта перш за ўсё. Бо ўсё нашае змаганне не мае сэнсу, калі цябе не можа падтрымаць чалавек, які побач з табой: усмешкай, дабрынёй, сваім плячом ці рукой – гэта неабходнасць. Безумоўна, гэта важна, таму што ты мусіш разумець, што ты робіш нешта нядрэннае ўблізу сваіх людзей, робіш нешта канкрэтнае для іх. Безумоўна, мне было таксама прыемна атрымаць прэмію ад Хілары Клінтан год таму. Я разумела, што гэта была не мая прэмія. Гэта была прэмія беларускай моладзі, прэмія сымбалічная для тых людзей, што змагаюцца – я не ўспрымала прэмію як асабістую. А калі тут прэмія выдаецца ў коле тваіх знаёмых, у коле паважаных людзей менавіта ў Беларусі, то атрымоўваць яе – радасна. Радасна ад таго, што людзі блізкія тут любяць цябе за нешта і за нешта канкрэтнае цэняць. Таму, безумоўна, у нейкай ступені – чалавечай, маральнай – яно нашмат вышэй.

Еўрарадыё: Хто, на вашу думку, сёння не атрымаў гэтай прэміі, але варты яе? З журналістаў, аналітыкаў, маладых палітыкаў…


Наста Палажанка: Як казалі з нагоды ўзнагароды, у нас у Беларусі вельмі шмат людзей, якіх варта ўзнагароджваць – каб чалавек разумеў патрэбнасць свайго шляху. Дзякуй Богу, што ў нас у Беларусі сапраўды стае розных прэміяў, гэтая з’ява апошнім часам пашыраецца. Трэба каб людзі пачыналі ганарыцца тым, хто побач з табой.

Еўрарадыё: Нам хацелася, каб вы кагосьці назвалі, каго б хацелі бачыць у спісе лаўрэатаў.

Наста Палажанка: У мяне суб’ектыўныя меркаванні, таму што мы нядаўна далі прэміі “Люблю Беларусь”, таму ў мяне ў галаве імёны намінантаў, якія былі былі там, але не атрымалі. Я была б радая бачыць і Андрэя Кіма, і Мікіту Ліхавіда. У намінацыі грамадскай, праваабарончай чыннасці я былаб радая бачыць спадара Валянціна Стэфановіча, Андрэя Бандарэнку. Я была б радая, каб прэмія давалася не толькі з перспектывы нейкіх інтэлектуальных унёскаў – журналістыка, аналітыка – але каб былі заўважаныя людзі, што нясуць беларушчыну ў Беларусь і прабіраюцца скрозь кардоны “расейшчыны”. Тая ж самая фенамінальная кампанія “Будзьма”, ці тыя людзі, што сваімі высілкамі робяць канкрэтную справу за справай, як адказныя за “Смак беларускай мовы” на вуліцах горада… Таму, людзей, якімі хочацца ганарыцца, вельмі шмат. Я кажу пра нашых шаноўных журналістаў і фотакарэспандэнтаў, якія заўжды з намі на кожным мерапрыемстве. Іх я таксама была б радая ўбачыць у журналісцкай намінацыі.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі