Праваабаронцы — Лукашэнку: якія "скокі на касцях"?

У сваім выступе 13 красавіка Аляксандр Лукашэнка звінаваціў беларускіх праваабаронцаў у "скоках на касцях". Маўляў, падчас жалобы яны паехалі ў Страсбург на паседжанне Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, дзе заклікалі да эканамічных санкцый.

Аляксандр Лукашэнка: "Прыехалі туды нашы "дамарошчаныя" з пятай калоны, заклікаюць увесці санкцыі супраць беларускага народа! Скокі на касцях, скокі на касцях, інакш не назваць такія паводзіны!"

Адна з публічна звінавачаных у скоках на касцях — Алена Танкачова — такой заявай бязмежна абураная.

Алена Танкавова: "Для мяне такая заява асабістая абраза. Я зраблю запыт да беларускіх тэлекампаній, паспрабую высвятліць, адкуль яны прыйшлі да высновы пра скокі на касцях, буду чакаць выбачэнняў!"

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, маральныя якасці еўрапейскім партнёрам і беларускім правабронцам чужыя. Алена Танкачова такое бачанне дзейнасці Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы абвяргае.

Алена Танкачова: "ПАСЕ пачала паседжанне з хвіліны маўчання, далей на павестцы дня былі пытанні правоў чалавека і падзеяў 19 снежня. І ўсе палітычныя камітэты і фракцыі пачыналі свае паседжанні з увагі да бяды беларускага народа"

Адзначым, што беларускага кіраўніка маглі ўвесці ў зман два паседжанні розных еўрапейскіх органаў, якія адбываліся ў адзін дзень. Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы разгядала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. А магчымыя эканамічныя санкцыі абмяркоўваліся Саветам міністраў Еўрасаюза у Люксембурзе, да якога Савета Еўропы дачынення зусім не мае.

І, дарэчы, старшыня паседжання еўрапейскіх замежных міністараў Кэтрын Эштан напярэдадні сустрэчы таксама выразіла спачуванні з нагоды мінскай трагедыі, а канкрэтных рашэнняў па санкцыях прынята не было.

Што датычыцца органа Савета Еўропы, які наведвалі беларускія праваабаронцы, то ён прыняў важнае рашэнне пра стварэнне спецыяльнага камітэта па Беларусі.

Алена Танкачова: "Гэты камітэт правядзе раследванне падзей на плошчы 19 снежня, іх наступстваў. Парламентарыя падрыхтуюць спецыяльны даклад на гэтую тэму"

Праваабаронца нагадала,  што аднойчы спецыяльны камітэт па Беларусі пры Парламенцкай Асамбелі ўжо ствараўся. У 2002 годзе мандат на падрыхтоўку даклада аб знікненнях беларускіх апазіцыйных палітыкаў атрымаў кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс. У 2004 годзе ён прадставіў вынікі сваёй працы, прыйшоўшы да высновы, што беларускія ўлады незалежнага аб'ектыўнага раследвання знікненняў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатолія Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага не правялі.

Фота: www.president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі