Працаваць праваднікамі ў Беларусі студэнтам не дазволяць

Каля 10 тысяч маладых людзей змогуць працаваць сёлета ў студатрадах. Еўрарадыё даведваецца: дзе і за колькі?

Самы высокі заробак, зразумела, за мяжой — у Расіі.

"Ёсць атрады — Забайкальскі край і Сочы. Забайкальскі край наўпрост супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту. Яны туды набіраюць моладзь, што вучацца па спецыяльнасці. Будаваць чыгунку на ўчастку Нарын — Лугакан", — распавядаюць у гомельскім БРСМ.

У Нарын у царскія часы адпраўлялі ў ссылку, быў там і Сталін. У хлапцоў з гомельскага транспартнага ўнівера гэта ідзе, як практыка.

Самы вялікі заробак студатрадаўцам абяцаюць на "Расійскай чыгунцы". Туды плануюць накіраваць працаваць праваднікамі каля 2 тысяч студэнтаў. Абяцаюць плаціць да тысячы баксаў! Але, як даведалася Еўрарадыё, у сярэднім расійскія праваднікі зарабляюць 400-500 долараў. А вось на "Беларускую чыгунку" студэнтаў праваднікамі не бяруць. Занадта жорсткія патрабаванні.

"Тры месяцы трэба даць тэорыі і тры месяцы на практыцы адкатаць, каб мы іх маглі дапусціць да самастойнай працы", — распавядаюць у "Беларускай чыгунцы".

"Трэба ведаць правілы правозу пасажыраў, як уключыць электрашчыт, як правільна растапіць тытан. Вы не ведаеце ўсіх нюансаў чыгункі, што значыць чырвоны святлафор, што значыць зялёны. Тэхніка бяспекі асабістая і пасажыраў. Прафесія правадніка зараз патрабуе высокакваліфікаваных кадраў. Патрабаванні сталі больш жорсткімі".

А заробак беларускіх праваднікоў ніжэйшы: у сярэднім 2,5 - 4,5 мільёны. Усё залежыць ад накірункаў і разрадаў.

Сёлета працаваць будуць і школьнікі з 14 гадоў — не больш за 4 гадзіны на дзень. Цікава, што паводле рэкамендацыі заробак студатрадаўцаў не можа быць менш за мільён рублёў. Праўда, мінімальны заробак школьнікаў будзе менш на палову. Працаваць яны могуць у экалагічных і сельгасатрадах. Гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, уборка, праполка градак, пераборка садавіны на сушыльных камбінатах, мыйка тары. Зарабіць яны змогуць за гэта ад 500 тысяч да 1 мільёна рублёў.

У Магілёўскай вобласці больш за ўсё атрымае моладзь, якая будзе працаваць на фермах.

"Малочна-таварныя фермы рэканструююць па ўсёй краіне", — распавядаюць у БРСМ. Зарабіць там можна ад 2 да 3 мільёнаў — гэта адзін з самых высокіх заробкаў.

Таксама задзейнічаюць студатрады і на падрыхтоўцы Горак да "Дажынак", будаўніцтве "Студэнцкай вёскі", гарадскіх бальніц у Віцебску і Наваполацку і лядовага палацу ў Оршы. Летась у студатрадах працавала каля 70 тысяч чалавек. Дарэчы, з іх бралі ўнёсак 20 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі