Прагноз на 2012: Сацыяльныя пратэсты і чэмпіёнства па футболе на алімпіядзе

Самае галоўнае – эканоміка. Якім будзе курс долара? Эканаміст Леанід Злотнікаў гарантуе, што да вясны ўсё будзе больш-менш нармальна.

“Да вясны нічога не будзе, бо будуць грошы. А вось потым – цяжка сказаць. Гэта будзе залежаць ад таго, ці будуць новыя паступленні валюты ў форме нейкіх крэдытаў, альбо дапамогі, новых расійскіх паступленняў”.

Эканаміст таксама прагназуе, што пад канец году долар можа дасягнуць курсу ў 12 тысяч рублёў.

За гаспадаркай палітыка. Тут нейкіх зрухаў чакаць не прыходзіцца. Хіба што ў верасні краіну чакаюць выбары ў парламент. Аднак палітолаг Уладзімір Мацкевіч раіць не чакаць ад іх нечага новага. Ён увогуле лічыць, што ніякіх выбараў не будзе.

111228 Pilecki Prognoz.mp3

“Іх не будзе! На сённяшні дзень няма ніякіх падставаў лічыць, што на працягу некалькіх застаўшыхся месяцаў гэтая ўлада зменіцца. Таму давайце забудзем, што гэтая ўлада зменіцца”.

У дадатак Мацкевіч заяўляе, што нават ад пераменаў ва ўрадзе нельга чакаць нечага новага і кардынальнага. А яны калі і будуць, то касметычныя.

“Змены ў кіраўніцтве будуць. Яны наспелі зноў жа ў сілавым блоку ураду, наспелі ў сацыяльным блоку. Але ж няма каго паставіць на гэтыя месцы, каб зварухнуць сітуацыю з мёртвай кропкі”.

Магчыма, на знешнепалітычным фронце не так сумна? Надзеі развейвае палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Эксперт кажа, што з Расіяй ужо ўсё падпісалі, што маглі. Таму ў адносінах з ЕС 2012 год абяцае быць панурым і маўклівым.

“Я думаю, што пагаршацца ўжо няма куды. Хутчэй за ўсё, беручы пад увагу дамоўленасці з Расіяй, беларускаму кіраўніцтву зараз не так патрэбныя грошы і ў такой колькасці, як былі патрэбныя летам. Зараз проста няма нагоды, жадання, я б сказаў, у беларускага кіраўніцтва паляпшаць адносіны з Еўрапейскім саюзам. А ЕС у сваю чаргу чакае крокаў ад афіцыйнага Менску і хутчэй за ўсё будзе ўстрымлівацца ад нейкіх актыўных дзеянняў”.

Мельянцоў дадае, што нават эканамічных санкцый чакаць не варта.

Расчараваўшыся ў палітыцы і гаспадарцы, звяртаемся да спорту. Можа, хоць тут нас чакае нейкая надзея. Галоўны рэдактар папулярнай спартыўнай газеты “Прэсбол” Уладзімір Беражкоў кажа, што планы па 25 медалях алімпійскага Лондана – занадта аптымістычныя.

“На мой погляд, мэта, якая пастаўленая кіраўніком дзяржавы, 25 медалёў, дасягнутая не будзе. У гэтым годзе ў нас усяго толькі 4 чэмпіёны свету”.

Беражкоў лічыць, што найбольшыя шанцы на медалі маюць Герасіменя, Новікава, Астапчук ды сям’я Міхневічаў. І дадае, што асабіста ён будзе з вялікай цікавасцю сачыць за выступам футбольнай алімпійскай зборнай на гульнях. На думку эксперта, нашы хлопцы могуць нават і… перамагчы ў турніры.

Пасля спорту звяртаемся да сіноптыкаў. Незвычайна цёплы снежань пакідае апасенні за ўраджай. У аддзеле аграметэаралогіі Бегідраметэацэнтру Еўрарадыё расказваюць, што будзем з ураджаем.

“Пакуль мы ніякіх негатываў не бачым у гэтым уплыве. Так, у пасеваў працягваецца вялацякучая вегетацыя. Але самае небяспечнае зараз пасля такога – каб не было рэзкага пахаладання. Калі паступова праходзіць пахаладанне, паніжаецца тэмпература, то яны зноў праходзяць загартаванне і нічога небяспечнага”.

А вось рэзкага пахаладання сіноптыкі не прагназуюць. Таму ўсё павінна быць добра.

Прагноз без астралогіі – не прагноз. Вядомы украінскі прадказальнік Ігар Каламіец вяртае нас на зямлю.

“Якім менавіта ён будзе, якога размаху – не магу сказаць. Але тое, што ў вас будуць магутнейшыя сацыяльныя пратэсты, эканамічны будзе спад – гэта так. Такая тэндэнцыя будзе працягвацца ва ўсім годзе”.

А вось канца свету Каламіец не прагназуе. Так што пакуль можна супакоіцца і спадзявацца, што 2012 будзе ўсё ж лепшым, чым яго бачаць скептычныя эксперты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі