Прадпрымальнікі: Галоўная праблема не штрафы, а што ў людзей няма грошай!

120502 Nasta IP.mp3

Журналіст Еўрарадыё прайшлася па рынку “Дынама”, пагутарыла з прадпрымальнікамі. Ці адчулі яны на сабе павелічэнне базавай велічыні?

“Аб’ектыўна павялічыліся сумы штрафаў — у тры разы! Хаця мы звярнуліся да ўсіх кантрольных органаў, каб яны ўстрымаліся ад выкарыстання максімальнай шкалы па штрафах”, — скардзіцца старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін.

Паводле слоў Карагіна, каб змяніць велічыню штрафаў, трэба мяняць заканадаўства. А гэта робіцца вельмі марудна — як правіла два гады.

На “Дынама” прадпрымальнікі не вельмі гаваркія, пытаюцца: “Хочаце, каб нас пасля знайшлі?”. Але накіроўваюць да “галоўнага” мясцовага прадпрымальніка. Віктару 58 гадоў, ён прадае на рынку сумкі. Кажа, што праблема не ў штрафах, а ў тым, што ў людзей няма грошай.

Віктар: “Не трэба парушаць — і не будзе штрафаў. Вялікіх праблемаў у гэтым няма. Дрэнна тое, што ў насельніцтва няма грошай. Малыя заробкі — вось гэта асноўная праблема! А ўсё астатняе — дробязь. Гэтым мы і адрозніваемся ад народа: народ хоча, каб мы меней зараблялі, а мы хочам, каб яны больш зараблялі. Няхай народу падымуць заробкі, і мы будзем жыць нармальна. Людзі атрымліваюць вельмі мала. Два мільёны — гэта смешна. А на заводзе цэлы дзень стаіць ракам!”


За апошнія месяцы людзі сталі купляць менш, таму даводзіцца нават зніжаць цэны.

Віктар: “Што раней прадавалася па 30 долараў, цяпер прадаем па 20”.


Іду да наступнай палаткі. Малады хлопец раскладвае джынсы. Пытаюся, ці адчуў ён на сваім бізнесе павелічэнне базавай.

“Стала цяжка, згодны”, — кажа Дзмітрый. Людзі купляюць у разы менш, чым раней!

Дзмітрый: “Велічыня павялічылася, узрасла арэнда. А пры падзенні пакупніцкай здольнасці насельніцтва наша становішча пагоршылася. Калі б не было падзення пакупніцкай здольнасці, нам было б па барабане. Але паколькі людзі купляюць у 3-4 разы меней… то для нас, адпаведна, рост арэнды прыводзіць да таго, што маруднымі крокамі мы ідзем да разарэння”.


Еўрарадыё: А тое, што штрафы павялічыліся ў тры разы, адчуваецца?


Дзмітрый: “Мы плацельшчыкі адзінага падатку, плацім грошы наперад. І дзяржава, разумеючы, што мы плацім наперад, нас проста па гэтай прычыне мала правярае. У той час калі буйныя прадпрымальнікі, якіх прадстаўляе Карагін, — яны плацяць па факце. То бок, ён, вобразна кажучы, да канца года заробіць грошы і заплаціць… А ў нас асаблівы статус. Нас не тое што не чапаюць… Але калі мы перастанем плаціць, то хто тады будзе плаціць?”


Жана Болсун працуе на рынку "Ждановічы" ўжо шэсць гадоў. Прадпрымальніца прадае абутак. Штрафы яе таксама не асабліва хвалююць — а вось арэнда ўдарыла па кішэні моцна.

Жана Болсун: “Штрафы — гэта такая рэч, не штомесячная. А вось арэнда... Прадпрымальнікам-прыватнікам арэнду адпусцілі… Яны цяпер плату вызначаюць самі. І яны адразу рэзка паднялі — хто ў 2 разы, хто ў 3. Сёння на "Ждановічах" квадратны метр арэнды — 42 еўра. А ў Гродне ёсць гандлёвыя цэнтры, дзе квадратны метр даходзіць да 100 еўра!”


Прадпрымальніца скардзіцца, што за красавік яна заплаціла 4 мільёны арэнды, а цяпер мусіць даплаціць столькі ж! Пытаюся ў Жаны, ці сталі людзі купляць менш. “Як мінімум у 2 разы знізіліся продажы”, — скардзіцца прадпрымальніца.

Жана Болсун: “Людзі сталі не толькі менш купляць… Яны купляюць тое, на чым мы ўжо нават не зарабляем, што мы выставілі на распродаж”.


Яшчэ не ўсе прадпрымальнікі падлічылі свае выдаткі за красавік. Але ўжо сёння Жана кажа, што частка людзей пачынае скарачаць гандлёвыя месцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі