Пінскія інваліды-вазочнікі змагаюцца за безбар’ернае асяроддзе


120927_tymozhash.mp3

Таварыства інвалідаў-вазочнікаў у Пінску існуе 12 гадоў, за гэты час сябры арганізацыі дамагліся не мала, але асноўным іх дасягненнем можна лічыць тое, што яны здолелі прыцягнуць увагу да сваіх праблем мясцовай ўлады. Пры гарвыканкаме была створаная нават адпаведная камісія па справах інвалідаў. Аднак беларускае заканадаўства не рэгулюе правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, законы носяць толькі рэкамендацыйны  характар у гэтай галіне права. Камісія вырашыла: калі ў інвалідаў-вазочнікаў узнікаюць праблемы, то яны мусяць напісаць да іх пісьмовы зварот, і тады гарадскія ўлады будуць вырашаць гэтыя праблемы — расказвае старшыня арганізацыі Валерый Цімакін:

"Мы на камісіі выпрацавалі агульнае рашэнне, што мы пішам звароты па аб’ектах, дзе нам трэба выправіць, па бардзюрах, і гарвыканкам прымае меры і выпраўляе тыя месцы, на якія мы звяртаем ўвагу.   Нягледзячы на тое, што ў горадзе такім чынам было папраўлена ўжо сотні месцаў: зробленыя бардзюры, створаныя па магчымасці пандусы, аднак якасць гэтай працы пакідае жадаць лепшага. Рабочыя могуць зрабіць пандус, а дзверы будуць адчыняцца на пандус, могуць апусціць бардзюр, але не дастаткова нізка. А для людзей з абмежаванымі магчымасцямі кожны сантыметр на уліку".

Працягвае Валерый Цімакін:

"Крамы выпраўляюць гэтую сітуацыю, у цэнтры горада практычна ўсе крамы сталі даступныя да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Бываюць выпадкі, калі дырэктары крамаў не хочуць ісці насустрач. Быў такі выпадак, калі дырэктар крамы сказаў: “А чаму вы сюды ездзіце, ёсць іншыя крамы — туды і ездзіце”.

 
Такі жорсткі адказ дырэктара крамы можна патлумачыць тым, што рабіць пандусы крамы мусяць на свой уласны кошт, мясцовыя ўлады ніякага фінансавання не прапануюць.


Але, на думку Валерыя Цімакіна, прычына не толькі ў недахопе фінансавых сродкаў, а таксама ў тым, што ў чыноўнікаў, як і ў жыхароў Пінска, адсутнічае разуменне сутнасці безбар’ернага асяроддзя. 

Цімакін: "Людзі, грамадства цяжка ўспрымаюць інвалідаў, калі трэба нечым ахвяраваць. Калі проста пашкадаваць — то на гэта могуць нават грошы даць. Аднак калі трэба прыкласці намаганні, пачынаюцца адразу пытанні: а навошта вам гэта трэба? Сядзіце ў хаце, мы вам дахаты ўсё прынясем. Вельмі  распаўсюджана гэтае меркаванне сярод чыноўнікаў: “Вы толькі папрасіце” . Вось гэтае “папрасіце” нас вельмі абурае".


Грамадства мусіць ствараць умовы для паўнавартаснага жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі не таму, што інваліды-вазочнікі ёсць цяпер, а таму, што яны могуць з’явіцца ў будучыні, падкрэслівае Валеры Цімакін. Бо безбар’ернае асяроддзе — гэта не толькі нізкія бардзюры і наяўнасць пандусаў, гэта ў першую чаргу адсутнасць бар’ераў паміж людзьмі.


Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для правабарончай праграмы Кардыяграмы.

Фота: www.fakt.p

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі