Пінскія дэпутаты разабралі нядбайных бацькоў на парукі

Пінскія дэпутаты самі сябе абавязалі ўзяць асабістую апеку над двума асобамі, чыіх дзяцей выхоўвае дзяржава. Цяпер дэпутаты ходзяць і ўгаворваюць нядбайных бацькоў не піць і хадзіць на працу.


"Гэтая ініцыятыва пайшла ад саміх дэпутатаў. У нас у Пінску іх дастаткова. Натуральна, што галоўная мэта — пастаянна працаваць у выхаваўчым плане і пакрываць дзяржаве выдаткі, якія яна нясе. Таму што гэта катэгорыя людзей, якія на працу ходзяць калі хочуць", — гаворыць дэпутат Мікалай Лебядзеўскі.


Яму пашанцавала з падапечнымі: адна з іх паспела прайсці курс лячэння і ўжо не п'е ды ходзіць на працу. А другая яшчэ выпівае, але працу стала прапускаць меней.


"Можа піярствам пазаймацца у першай размове. Можа выпіць з палучкі. Але я ёй сказаў: "Таццяна Міхайлаўна, калі вашая калега чакае дзяцей і вы на словах гэтага хочаце — на словах гэта адно, але трэба даказаць на справе". Асноўны ўдар і напрамак маёй размовы — неяк зачапіць, каб яна адчула, што гэта яе дзіцё. Самае галоўнае — каб яны хадзілі на працу, бо праца выхоўвае чалавека, гавораць".


Мікалай Лебядзеўскі сустракаўся са сваімі падапечнымі два разы ў вузкім коле, цікавіўся, як яны дакаціліся да такога жыцця і што думаюць рабіць далей.


У госці да выпівох ходзяць галоўныя ўрачы, дырэктары школ і банкаў. На некаторых угаворы не падзейнічалі: адну з падапечных дэпутаткі Марыны Кавалёўскай ужо асудзілі. Другая зусім спілася.


"Жанчына працуе дворнікам у цэнтральнай паліклініцы, але, на жаль, я яе ў пятніцу забрала з наркалогіі. Угаворы на гэтых людзей не дзейнічаюць. Напэўна, усё, што мы робім: на працу прывозім, шукаем іх — не выклікае ў іх жадання чапляцца за жыццё".


Абедзве жанчыны жылі ў някепскіх умовах, але кажуць, што не склалася асабістае жыццё.


"Адна жанчына сама была доктарам-педыятрам. Дзіцю 9 год, забралі ў сацпрытулак. Зараз яна стала дворнікам і жыве ў 3-пакаёвай кватэры. Яна стала піць, таму што ў яе атачэнне было такое. Людзі, якія з ёй мелі стасункі, прапанавалі ёй заліць гора гарэлкай. Да чаго яна і прыйшла".


Увогуле дэпутаты хочуць дамагчыся ад жанчын, каб тыя хадзілі на працу і выплочвалі дзяржаве грошы за ўтрыманне дзяцей у прытулках. Але кажуць, што галоўная мэта — зачапіць маральна, каб яны пачалі працаваць дзеля вяртання дзяцей.


"Нам, дэпутатам, выключна маральна трэба зачапіць за жывое, аб дзецях. А ўмовы яны ведаюць, якія. Мы ім і ўмовы вяртання дзяцей тлумачым", — гаворыць дэпутат Мікалай Лебядзеўскі.


Раней даходзіла да таго, што нядбайных бацькоў на працу часам вазілі на "крутых" дырэктарскіх аўто са службовым кіроўцам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі