Песня гомельскага Сярогі прагучыць на Канскім фестывалі

Песня “Cold Rain” гомельскага блюзмэна Сяргея Курэка стала галоўным саўндрэкам да ўкраінскага фільма “Дняпро”. Паспрыяў гэтаму вядомы беларускі рэпер Сярога, які і прапанаваў трэк свайго цёзкі рэжысёру стужкі Аляксандру Шапіру. Яму так спадабалася песня, што яе вырашылі зрабіць галоўным саўндтрэкам за два дні да мантажу. Цяпер песню пачуюць і сусветныя зоркі!
Тэкст і музыку напісаў сам Сяргей Курэк напрыканцы 2009 года, а праспяваў яе разам са сваім сябрам, вядомым R&B-выканаўцам Максам Лорэнсам.
"У песні запісаўся мой сябра Макс Лорэнс, а ў яго прадзюсер — Сярога. З ім мы таксама даўно знаёмыя. Сярога паставіў песню рэжысёру Аляксандру Шапіру. Той песняй пранікся настолькі, што за два дні да мантажу фільма паставіў гэты саўндтрэк у самы кульмінацыйны момант фільма".
Прэм'ера фільма адбудзецца на Канскім фестывалі ўжо 11 траўня. Пакуль фільм бачыла толькі абмежаванае кола людзей.
"Я пакуль не бачыў, але Сярога глядзеў, і яму вельмі спадабалася. Атрымоўваецца, пакуль толькі вузкае кола людзей бачыла. Толькі ўвосень ён выйдзе ў масавы пракат".
Песню Сяргей Курэк не пісаў адмыслова для фільма. Яна ўвойдзе ў першы альбом музыкі разам з яшчэ дзесяццю трэкамі.
Сяргея Курэка ў “Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі” называюць адным з лепшых блюзавых гітарыстаў Беларусі. Музыка жыве ў Гомелі, выступае з гуртом “Сяргей Курэк і Night Drive” у Беларусі, Расіі ды Польшчы.
Фільм "Дняпро" распавядае гісторыю выпадковай сустрэчы пары, якая па ўсіх жыццёвых стэрэатыпах ніколі б не сустрэлася. Адна ноч з жыцця эксцэнтрычнай дзяўчыны і загадкавага мужчыны ўціснута ў 75 хвілін. Кожны эпізод іх стасункаў перамяжоўваюцца кадрамі натурных здымак Дняпра. Сюжэт развіваецца разам з плынню ракі, а кульмінацыя ды развязка супадаюць з упадзеннем яе ў Чорнае мора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі