Перасадку печані чакаюць 5 замежнікаў і болей за 70 беларусаў

На аперацыях па перасадцы органаў для замежнікаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак зарабіў больш за 3 мільёны долараў. Тут гавораць, што ўсе грошы накіраваныя на лячэнне беларусаў. Гэта здзіўляе, бо кожны ведае: медыцына ў краіне бясплатная.

“Бясплатна, але ўсё ж гэта каштуе грошай. Для таго каб вылечыць пацыента з цяжкімі паталогіямі, патрэбны сродкі, тэхналогіі. Мы аднаўляем абсталяванне, закупляем тэхналогіі за мяжой. Гэта дазваляе засвойваць больш складаныя аперацыі і лячыць такіх пацыентаў, ад якіх яшчэ год назад адмовіліся б”, — тлумачаць Еўрарадыё ў цэнтры.

На кошты перасадкі органаў для іншаземца можна набыць кватэру ў Мінску. Да прыкладу, аперацыя па перасадцы печані абыходзіцца ў 110 тысяч долараў, ныркі — 55 тысяч долараў, сэрца — 70-80 тысяч долараў.

Летась, паводле звестак кіраўніка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алега Румо, правялі 274 аперацыі па перасадцы органаў. Амаль кожны працоўны дзень. За гэты год — ужо 122 аперацыі.

“У нас не болей за кожную дзясятую аперацыю праводзяць замежнікам. Але гэтым мы не хвалімся і не хочам хваліцца!” — кажуць у цэнтры і дадаюць, што жадаючых зашмат.

“Дзясяткі тэлефанаванняў штодзень! Калі людзі прыязджаюць да нас на кансультацыю па хірургіі ці яшчэ па чым, гэта добра.  Яны не прэтэндуюць на органы для беларусаў”, — адзначаюць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры.

Як даведалася Еўрарадыё, зараз у лісце чакання розных органаў некалькі замежных грамадзян. Напрыклад, нырак чакае некалькі соцень беларусаў, меней за 1% ад тых, хто мае патрэбу, — іншаземцы.

Печань чакаюць 5 замежнікаў і болей за 70 беларусаў, у чарзе на сэрца іншаземцаў пакуль няма. Але факт, што пры аднолькавых умовах орган аддадуць беларусу, гавораць у цэнтры. Хоць і замежнік, і беларус можа чакаць печань аднолькавую колькасць часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі