Суніцы ў шклянцы амаль утрая даражэйшыя, чым на вагу

120626 Savi4 Kamarovka.mp3

Прадаўцы на "Камароўцы" з недаверам ставяцца да маёй просьбы ўзважыць той жа кроп. Маўляў, суніцы, "колькі я сябе памятаю", заўсёды прадаваліся ў шклянках, і ніхто іх ніколі не пераважваў, а пучкі збіраюцца на вока — "дзе ўжо тут іх выверыш".

Але нізкія цэны — гэта толькі бачнасць. Насамрэч жа кілаграм ягад або зеляніны абыдзецца куды даражэй за "нятанныя" чарэшні.

 Простая арыфметыка. Савецкая шклянка суніцаў каштуе дзясятку, але ў ім ягад прыкладна на сто з капейкамі грам. Выходзіць, што цэлы кілаграм суніцаў не такі ўжо і танны — на кілаграм трэба прыкладна сем-восем шклянак, а гэта 80.000 рублёў! Даражэй толькі садовыя маліны. На рынку за няпоўныя паўлітра просяць 40.000 рублёў. Пры ўзважванні аказваецца, што гэта ўсяго толькі... 300 грамаў. Няхітры падлік — і кілаграм каштуе больш за 120.000 рублёў!

З чарніцамі і парэчкамі тая ж гісторыя. У паўлітровай шклянцы месціцца каля 350 грам чарніцаў, але за іх просяць як за паўкіло — 15-20 тысяч. А кілаграм на вагу каштуе 30.000-35.000 рублёў.

"Не буду перавешваць вам шкляначку. Калі хочаце танней — купляйце на вагу. Вам выгадна, бо шклянка таксама каштуе грошай", — тлумачыць сваю пазіцыю прадавец чарніцаў.

Палова літра лісічак — гэта не паўкіло грыбоў, як памыляюцца многія, а ўсяго 350 грамаў. Але за 350 грамаў просяць... 35.000 рублёў. Кіло лісічак сягоння на рынку абыйдзецца прыкладна ў 100.000 рублёў! Шампіньёны ў чатыры разы таннейшыя.

Зеляніна ў бабулек, на першы погляд, каштуе дробязь. Паўтары-тры-пяць тысяч рублёў за пучок кропу знойдзецца ў кожнага. Але цэны за кілаграм і за мерны пучок адрозніваюцца. За 100 грамаў кропу на рынку прадаўцы просяць каля 3.000-4.000 рублёў. У бабулек пучок каштуе гэтак жа. Але ў пучку прыкладна 70 грамаў. Выбірайце, дзе выгадней.

Кілаграм часныку каштуе на рынку каля 35.000 рублёў. А ў бабуль — 3.000 за галоўку. Вагі паказваюць, што важыць яна толькі... 60 грам. Выходзіць, што кілаграм часныку ў бабуль абыйдзецца ў... 50.000 "зайчыкаў"!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі