Пасля зорнай кар’еры ў БАТЭ: Хагуш — у Ніжнекамску, Шытаў — у Саранску

У 2008-м годзе абаронца Анры Хагуш разам з БАТЭ прабіўся
у Лігу чэмпіёнаў. Паспяхова, гуляў супраць “Рэала” і “Ювентуса”. Анры як
моцнага і перспектыўнага гульца падпісаў казанскі “Рубін”.

Адтуль Хагуша
адправілі мыкацца па арэндах у іншыя клубы ― “Кубань”, “Растоў”,
“Спартак-Нальчык”. Еўрарадыё знайшло “барысаўскага Гатуза” ў ніжнекамскім
“Нафтахіміку” ― у другім (!) дывізіёне чэмпіянату Расіі.

“Шкадаваць не варта. Але, калі пераходзіў з БАТЭ, зрабіў
няправільны выбар
, ― па-філасофску разважае Анры. — Клуб прапаноўваў іншую
моцную расійскую каманду. Што мне абяцалі ў “Рубіне”, нічога не выканалі. Я
прыехаў на першы збор, і адтуль ― у арэнду. Не далі шанцаў нават патрэніравацца
ў “Рубіне”.

Кантракт 26-гадовага Анры Хагуша заканчваецца хутка ― 31
снежня футбаліст пачне пошук новай каманды. Цікавімся ў Анры, ці перайшоў бы ён
у БАТЭ?

Хагуш: Прапановаў такіх не было. А калі б былі, думаю,
вярнуўся б.

Еўрардыё: Чаму пасля Барысава кар’ера склалася такім
чынам?

Хагуш: Я мяркую, што ў БАТЭ зусім іншая атмасфера.
Адчуваеш сябе разняволеным. Гульцы, трэнеры, прэзідэнт ― усе як адна сям’я.
Калі табе давяраюць, ты гуляеш зусім па-іншаму. І плюс — Ганчарэнка ― моцны
трэнер. Можа, нешта не атрымлівацца, але разняволенасць вялікая, упэўненасць у
сваіх сілах. Я прыехаў у “Рубін”, там ― зусім па-іншаму.

Разам з Анры Хагушам абарону БАТЭ забяспечваў яшчэ адзін “цвёрды”
гулец асновы ― Сяргей Сасноўскі (31 год). Ён гуляе за расійскі клуб другога
дывізіёну ― “Томь”.

Праўда, сюды Сяргей перайшоў з БАТЭ ў 2011-м годзе, тады
гэта каманда гуляла у Прэм’ер-лізе. У хуткім часе пасля пераходу Сяргей атрымаў
траўму.

“Ён цяпер у адпачынку. Нядаўна ўзнавіўся ад пашкоджання
крыжападобнай звязкі
, ― паведамляе Яўген Гайдук, агент футбаліста. ― З верасня
ён у агульнай групе, і ўжо гатовы гуляць. У “Томі” ў яго яшчэ паўгода кантракт.
Можа, пяройдзе ў іншую каманду, можа, застанецца тут”.

Летам 2011 года стала вядома пра пераход у маскоўскае
“Дынама” з БАТЭ абаронцы Ігара Шытава (26 год) і паўабаронцы Паўла Няхайчыка
(24 гады). Першы сёння гуляе ў арэндзе ў саранскай “Мардовіі” (клуб
займае апошняе месца ў Прэм’ер-лізе Расіі). Ігар Шытаў — у асноўным складзе:

“Да канца сезона, да лета, тут буду гуляць. Паглядзім,
можа, нешта зменіцца ў поглядах трэнера “Дынама”. Я цяпер паказваю нармальны
футбол, але ад мне залежыць не ўсё”.

У маскоўскім “Дынама” Ігар сутыкнуўся з такімі ж праблемамі,
як і Анры Хагуш у “Рубіне”.

Ігар Шытаў: “У Расіі стаўленне да футбалістаў зусім іншае,
прахалоднае. Калі ты не паказваеш футбол, які патрэбны трэнеру, то цябе доўга
чакаць не будуць. У БАТЭ зусім па-іншаму: свая краіна, трэнер добра разбіраўся
ў псіхалогіі гульцоў, падыход быў індывідуальны да кожнага футбаліста. Калі
ёсць давер, то і ўпэўненасць з’яўляецца, гуляць пачынаеш лепш”.

Павел Няхайчык, калега Ігара, выступаў за “Дынама” з
пераменным поспехам. Гуляў за моладзевы склад каманды, правёў шэсць матчаў у
асноўным складзе.

Сяргей Крывец забіў першы беларускі гол у групавым
раўндзе Лігі чэмпіёнаў (2008 год). У 2009-м годзе футбаліста выкупае польскі
“Лех”. Праз 3 гады еўрапейская футбольная кар’ера Сяргея спынілася ― гулец
выправіўся ў кітайскі “Цзянсу Сайнці”.

У кітайскай Суперлізе сёння гуляюць
такія зоркі, як Нікаля Анэлька і Дзідз’е Драгба. Але перспектывы Сяргея Крыўца
не выглядаюць вясёлкавымі. Ды і гуляць стабільна ў асноўным складзе не
атрымліваецца, у тым ліку, з-за ліміту на легіянераў. Цікавімся ў футбаліста,
ці задаволены ён кар’ерай?

“Напэўна, не да канца задаволены. Хацелася б большага.
Але я думаю, што ўсё атрымаецца. Галоўнае ― працаваць. Галоўнае ― верыць у
сябе”
, ― кажа Сяргей Крывец.

Еўрарадыё: Можа, разглядаеце для сябе іншыя варыянты?

Сяргей Крывец: Пакуль нічога канкрэтнага, таму што
дзейнічае двухгадовы кантракт, трэба яго адпрацоўваць. Ну, а наконт іншых
варыянтаў, ніхто да мяне пакуль не звяртаўся. Калі будуць прапановы, будзем
размаўляць.

Дарэчы зараз Сяргей знаходзіцца ў адпачынку і завітаў у Мінск. Плануе выправіцца ў Мюнхен каб жыўцом паглядзець матч барысаўчан і "Баварыі".

Былы галкіпер БАТЭ Сяргей Верамко ўпэўнена адчувае сябе
першым нумарам у самарскіх “Крылах саветаў” (Прэм’ер-ліга Расіі). Але такой
стабільнасці дабіваецца мала хто з былых барысаўскіх калег Сяргея.

Некаторыя былыя гульцы “БАТЭ” (Ягор Філіпенка, Віталь
Радзівонаў, Міхаіл Сівакоў, Аляксандр Глеб) у цяжкія моманты сваёй кар’еры ўсё
ж вярталіся ў Барысаў. І нічога, зноў гралі першымі скрыпкамі.